Друкаваць гэтую старонку
Серада, 03 Снежань 2014

У Віцебску – працяг судоў над удзельнікамі фотасэсіі з птушкамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

3 сьнежня суд Чыгуначнага раёну Віцебску разгледзеў адкладзеную раней адміністрацыйную справу Пятра Берлінава – яшчэ аднаго ўдзельніка мастацкага пэрформансу “з птушкамі і клеткамі”. І хоць спадар Берлінаў журналістыкай не займаецца, а да мастацкай акцыі ў падтрымку свабоды прэсы далучыўся выпадкова, ён усё адно быў абвінавачаны паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

З пратаколам, складзеным начальнікам аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі РАУС Чыгуначнага раёну Віцебску маёрам Аляксандрам  Рыбаковым, Пётар Берлінаў не пагадзіўся і ад дачы паказаньняў супраць сябе адмовіўся, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі.

З боку абвінавачвання была зачытаная ўсё тая ж мантра наконт парушэньня парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, наўмыснасьці зьдзейсьненага “дзеля выражэньня сваіх палітычных інтарэсаў” і адпаведнасьці папяровых прадметаў у руках сфатаграфаваных разьмешчанаму на заднім пляне графіці. То бок зафіксаваныя на фотаздымку людзі “працягнулі тэму графіці, які сымбалізуе ціск на прэсу”, што можна лічыць яскравым сьведчаньнем масавага мерапрыемства. Як і ўсіх астатніх спадара Берлінава апазнаў на фота ўсё той жа маёр Аляксандар Рыбакоў.

Падчас разгляду справы абвінавачваны даў некалькі тлумачэньняў адносна ягонага затрыманьня з надуманых прычын 28 лістапада, якія аднак ніякім чынам не паўплывалі на ход вядзеньня справы.

Вывучыўшы матэрыялы справы, аргумэнты бакоў, судзьдзя Алена Цыганкова вынесла пастанову: адміністрацыйны арышт тэрмінам на трое сутак, у які мусіць быць залічаны час знаходжаньня спадара Берлінава ў ізалятары часовага ўтрыманьня з 28 лістапада па 1 сьнежня.