Друкаваць гэтую старонку
Субота, 02 Красавік 2022

Міліцыя ўсталёўвае ў чужыя тэлефоны Telegram і Instagram, каб знайсці доказы правапарушэнняў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сам факт таго, што ў тэлефонах у людзей няма гэтых мэсэнджараў Telegram і Instagram, падаецца супрацоўнікам міліцыі дужа падазроным. Беспрэцэдэнтны выпадак адбыўся ў Гарадку з мясцовай жыхаркай, імя якой праваабаронцы пакуль не называюць: яе асудзілі за рэпост «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, сканфіскаваўшы тэлефон і ўсталяваўшы на яго Instagram.

Вінаватай яе прызналі на падставе таго, што яна паставіла «лайк» пад пастом Белсату ў Instagram. І паводле арт. 19.11 КаАП асудзілі на 10 сутак арышту.

Згодна з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, дзяўчыну высачылі паводле яе актыўнасці ў інтэрнэце: некалі яна «лайкнула» пост Белсату з Пагоняй. Аднак калі міліцыянты забралі яе тэлефон, Instagram і Telegram былі выдаленыя. Дзяўчына патлумачыла, што выдаліла іх пасля затрымання, бо баялася, што міліцыянты могуць знайсці там нешта «забароненае». Але сілавікі спампавалі іх наноў. І праз акаўнт жыхаркі Гарадка яны знайшлі ўсе публікацыі, на якія яна адрэагавала.

Падобна, што такі пошук доказаў вінаватасці на Віцебшчыне практыкуецца шырока. І цяпер становіцца зразумелым, чаму некалькі дзён таму сябры віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайды раптам заўважылі, што нехта з ягонага тэлефона зарэгістраваўся ў Telegram у той час, як сам актывіст знаходзіцца «на сутках» у віцебскім ІЧУ. Відавочна, сілавікі спрабуюць адсачыць пэўныя дзеянні спадара Хамайды ў інтэрнэце. Але ў дадзеным выпадку іхныя пошукі наўрад ці дадуць плён: Барыс Ханонавіч не карыстаецца сацыяльнымі сеткамі і мэсэнджарамі.

Станіслаў Красоўскі