Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 08 Люты 2022

Пракурор Віцебскай вобласці абмежаваў доступ да сайтаў, якія заклікаюць да зрыву «рэферэндуму»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец пастанавіў абмежаваць доступ да інтэрнэт-сайтаў «zubr.media» і «xx2022.org». На думку пракурора, гэтыя інфармацыйныя рэсурсы распаўсюджвалі інфармацыю, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Пры даследаванні зместу матэрыялаў, апублікаваных на гэтых сайтах, пракуратурай было ўстаноўлена, што на интэрнэт-рэсурсах «xx2022.org» і «zubr.media», апублікаваныя недакладныя звесткі аб лютаўскім «рэферэндуме», а таксама незаконныя заклікі да грамадзян краіны псаваць бюлетэні падчас галасавання.

Так, ва ўлётцы «Перакрэслі Падман» на сайце xx2022.org пракуратура пабачыла заклік да псавання бюлетэняў для галасавання. 

«Рэферэндум» – гэта падман і злачынства, у якім нас пераконваюць прыняць удзел. Нам прапануюць ілжывы выбар паміж новай і старой Канстытуцыяй. Насамрэч гэта выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. Падман ляжыць у аснове рэжыму: нам хлусяць пра заробкі, нам хлусяць на выбарах, нам хлусяць пра каронавірус. Але праўда на нашым баку. Мы прыйдзем на рэферэндум і перакрэслім абодва хлуслівыя прапановы. Гэта першы крок да праўды».

А ў матэрыяле на сайце  zubr.media "Лукашэнка хоча, каб беларусы не ўдзельнічалі ў рэферэндуме" вартавыя законнасці ўстанавілі «недакладныя звесткі аб запланаваным рэферэндуме».

«Набліжаным Лукашэнку патрэбная ўпэўненасць у будучыні. Ім патрэбная падстрахоўка таго, што, калі не стане Лукашэнкам, яны застануцца ва ўладзе. Новая канстытуцыя, якая патрэбная рэжыму ў будучыні, цешыць самалюбства Лукашэнкі, ён трымае рыторыку, што ўсе беларусы прымаюць гэтую канстытуцыю», – выказаў сваё меркаванне аўтар артыкула

У сваім рашэнні Ігар Украінец указаў, што матэрыялы, выстаўленыя на сайтах, матывавалі грамадзян Рэспублікі Беларусь да супрацьпраўных паводзін, дыскрэдытавалі органы дзяржаўнай улады і ў цэлым Рэспубліку Беларусь, і пастанавіў доступ да сайтаў "xx2022.org" і "zubr.media" абмежаваць на 6 месяцаў. 

У цяперашні час доступ да гэтых інтэрнэт-сайтаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь абмежаваны, але магчымы пры ўмове, што ў карыстальніка ўсталяваная праграма VPN.

Алег Кунін