Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 25 Сакавік 2016

«Советская Белоруссия»: Апазыцыянэры толькі балбочуць, лайдачаць, інтрыгуюць і падстаўляюць адно аднаго

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Советская Белоруссия Советская Белоруссия

Газэта «Советская Белоруссия», орган Адміністрацыі прэзыдэнта, апублікавала артыкул пра актывіста апазыцыйнай Аб'яднанай грамадзянскай партыі зь Мёраў. Карэспандэнт газэты піша, што ў рэдакцыю прыйшоў ананімны ліст зь Мёрскага раёну. Аўтар ліста пісаў пра апазыцыянэра Віктара Шульгу, які дзеля прынцыпу адмовіўся выконваць рашэньне партыі аб байкоце прэзыдэнцкіх выбараў у 2015 годзе.

Карэспандэнт «Советской Белоруссии» Максім Осіпаў паехаў у Мёры і сустрэўся зь Віктарам Шульгом. Шульга прызнаўся карэспандэнту, што ананімны ліст з хвалебнымі словамі на свой адрас... ён напісаў сам.

Шульга паскардзіўся, што кіраўніцтва АГП «камандуе як марыянэткамі» шараговымі сябрамі. Ён падзяліўся «каштоўным» меркаваньнем, што адзін з апазыцыянэраў у Мёрах – грубы і хамскі чалавек, а іншы – кіруецца ня розумам, а эмоцыямі. Карэспандэнт «СБ» не называе іх імёнаў, ды можна здагадацца, што мова ідзе пра сябраў «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».

Таксама Шульга выказаў перакананьне, што ў 2006 годзе трэба было выбіраць адзіным кандыдатам ад апазыцыі не Мілінкевіча, а Лябедзьку.

Свой артыкул пра мёрскага апазыцыянэра карэспандэнт «СБ» завяршае такім выслоўем: «Ад паркетных опа-шаркуноў ён адрозьніваецца тым, што ўсё жыцьцё працаваў. Мэханікам працаваў у Мёрах, жыцьцё ведае. Таму і хоча яго перабудаваць. Вось і рынуўся яшчэ ў 90-х у палітыку. А там усё даволі будзённа – балбочуць, лайдачаць, інтрыгуюць, падстаўляюць адно аднаго. Адна грызьня і дэмагогія. Вось і бунтуе ў сваім мястэчку сумленны грамадзянін, марыць, каб і яго, простага і неабыякавага чалавека зь Мёраў, пачулі».

Інтэрнэт-рэсурс «Весткі», колькі існуе, пільна асьвятляе дзейнасьць палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў на Паазер'і. Ад 2008 году, калі Віктар Шульга балятаваўся ў парлямэнт, яго імя і дзейнасьць не фігуравалі ў навінах.

Наогул, апазыцыя ў Мёрах – гэта асобная песьня. Мёры – невялікі горад, але ў ім больш, чым у суседніх гарадох, актывістаў апазыцыі. І гэтыя актывісты, зь якімі давялося быць знаёмым, гатовыя цэлымі гадзінамі абмяркоўваць тэарэтычныя пытаньні, але пра штодзённую іх дзейнасьць не чуваць.

Хоць у Мёрах грамадзкія праблемы на паверхні ляжаць. Чвэрць стагодзьдзя ня могуць дабудаваць раённы шпіталь. Апазыцыянэрам варта не ананімкі ў газэту пісаць і не ідэю «агульнанацыянальнага страйку» на вушы вешаць – а скласьці зварот на імя Лукашэнкі, прайсьці па горадзе, сабраць некалькі сотняў подпісаў. Можа, гэта дапамагло б паскорыць будоўлю – а калі не, дык хоць бы рэпутацыю сабе палепшылі.

Ні на затрымкі заробкаў у аграпрадпрыемствах у 2015-16, ні на вынішчэньне сьвіней і адмену цягніка ў 2013 – актывісты зь Мёраў ніяк не адрэагавалі. Затое пра пытаньне байкоту выбараў гатовыя спрачацца і спрачацца, і нават да дзяржаўнай газэты зьвяртацца па дапамогу.

А «Советская Белоруссия» піша пра апазыцыю не для таго, каб інфармаваць чытачоў пра альтэрнатыўныя партыі і палітыкаў. А дзеля таго, каб прадставіць у чорным сьвятле і апазыцыю, і – праз гэта – саму ідэю дэмакратычнай, рыначнай, прававой дзяржавы. Карэспандэнт «СБ» уважліва слухаў Віктара Шульгу, каб ягоныя словы павярнуць супраць ідэі, якую Шульга вызнае.

Кастусь Шыталь, westki.info