Друкаваць гэтую старонку
Серада, 17 Сакавік 2021

Журналіста Змітра Казакевіча аштрафавалі на 1740 рублёў за супрацоўніцтва з «Белсатам»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Падчас суду Падчас суду

Суд Першамайскага раёну Віцебску 17 сакавіка разгледзеў дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні да журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча. Суддзі Андрэй Шыдлоўскі і Вераніка Барысава прызналі яго вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч.3 арт. 23.5 КаАП) і аштрафавалі агулам на 60 базавых велічынь (усяго 1740 рублёў).

Супрацоўнікі Першамайскага РАУС склалі на журналіста два пратаколы – за два артыкулы, апублікаваныя ў лютым на сайце belsat.eu. На пачатку першага судовага паседжання Зміцер Казакевіч хадайнічаў, каб справы аб'ядналі ў адну, бо яны аднолькавыя па сутнасці. Але суддзя Андрэй Шыдлоўскі хадайніцтва не задаволіў.

Паводле першага пратаколу, 2 лютага Казакевіч, выконваючы функцыі журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі ў МЗС, «злоўжываючы правамі і з парушэннем абавязкаў журналіста», незаконна стварыў матэрыял пад назвай «Выкладчыка віцебскага ўніверсітэту звольнілі за бел-чырвона-белыя фіранкі на акне», які быў размешчаны на сайце Белсату.

Журналіст сваёй віны не прызнаў, сцвердзіўшы, што адміністрацыйны пераслед у дачыненні да яго вядзецца выключна з палітычных прычын.

Падчас судовага паседжання журналіст цытаваў вытрымкі з раману Джорджа Оруэла «1984»: «Свабода – гэта свабода казаць, што двойчы два ёсць чатыры. Як толькі гэта будзе гарантавана, усё астатняе прыйдзе само сабой».

«Абвінавачваюць мяне толькі таму, што цягам многіх гадоў я спрабую казаць, што двойчы два – чатыры, а не пяць і не шэсць», – сказаў на судзе Казакевіч.

Якія-небудзь тлумачэнні па сваёй справе даваць адмовіўся.

«Бо сорамна мне нешта зараз тлумачыць і бараніцца, калі за кратамі знаходзяцца больш за 10 маіх калег, у тым ліку журналісткі Белсату Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева», – заявіў журналіст.

Нагадаў таксама, што ў Беларусі на сёння 291 палітзняволены.

Суддзя Шыдлоўскі пастанавіў прызнаць Змітра Казакевіча вінаватым і аштрафаваць яго на 30 базавых велічынь. Гэта максімальны штраф, прадугледжаны арт. 23.5 КаАП. Столькі ж, але за іншы артыкул на сайце, прысудзіла журналісту і суддзя Вераніка Барысава.

Зміцер Казакевіч збіраецца абскардзіць судовыя рашэнні.

Уладзімір Бяляўскі