Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 26 Снежань 2019

Справу аб катаваньні ў міліцыі полацкага блогера Geibal не завядуць

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Раман Ляўкоўскі Раман Ляўкоўскі

Полацкі міжраённы аддзел сьледчага камітэту адмовіўся распачынаць крымінальную справу па заяве полацкага блогера Рамана Ляўкоўскага (Geibal). У заяве блогер сьцьвярджаў, што ў кастрычніку 2019 году супрацоўнікі міліцыі зьдзекаваліся зь яго маральна і фізычна – душылі, пагражалі «засунуць фалас» і «абасцаць»…

Пра інцыдэнт, які здарыўся ў кастрычніку 2019 году ў Полацку, Раман Ляўкоўскі расказаў у роліку «Зварот да Юрыя Караева, катаваньні ў Полацкім РАУС». Па словах блогера, ён сам выклікаў міліцыю пасьля таго, як у адной з полацкіх крамаў яму ня выдалі кнігу скаргаў. Сьцьвярджаў, што ў міліцыі яго зьневажалі і катавалі.

Празь некалькі дзён пасьля здарэньня Ляўкоўскі зьвярнуўся з заявамі ў пракуратуру і сьледчы камітэт. 28 кастрычніка Полацкі СК прадоўжыў тэрмін праверкі на 1 месяц.

Як вынікае з паведамленьня сьледчага камітэту, якое атрымаў блогер, па факце ўчыненьня з боку супрацоўнікаў Полацкага РАУС супрацьпраўных дзеяньняў (арт. 426 КК РБ) была праведзеная праверка, па выніках якой у завядзеньні крымінальнай справы адмоўлена «з адсутнасьці складу злачынства».

У пастанове СК аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў паведамляецца таксама, што і ў дачыненьні Рамана Ляўкоўскага па факце заведама ілжывага даносу (арт. 400 КК) крымінальная справа распачынацца ня будзе з той жа прычыны: адсутнасьць у дзеяньнях складу злачынства.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.