Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 10 Снежань 2018

Журналісту Зьмітру Лупачу даслалі позву ў суд праз Viber

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Зьміцер Лупач Зьміцер Лупач

Глыбоцкія міліцыянты 5 сьнежня склалі чарговы пратакол паводле часткі другой артыкулу 22.9 КаАП на фрылянсэра Зьмітра Лупача. Позву журналісту даслаў на Viber капітан міліцыі, старшы інспэктар па дазвольнай рабоце аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Сяргей Цырбан.

Падставай для складаньня пратаколу стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра ўшанаваньне памяці ахвяр нацыстаў і камуністаў на Глыбоччыне.

Сёлета гэта ўжо дзясяты пратакол, складзены на Зьмітра Лупача за супрацу зь незалежным тэлеканалам “Белсат”.  Тыднем раней на Зьмітра Лупача і Тацяну Смоткіну пратаколы склала мёрская міліцыя за асьвятленьне імі сацыяльных праблем жыхароў аграгарадка Язна Мёрскага раёну.

Як кажа журналіст-фрылянсэр Зьміцер Лупач, апошнім часам улады наогул не прапускаюць па-за ўвагай ніводнага яго сюжэту, асабліва на сацыяльную тэматыку.

— І як яны часам кажуць людзям, каб закрылі раты, як напрыклад гэта было ў Язна, такім чынам спрабуюць узьдзейнічаць і на нас. Думаю, што ім цяжка будзе гэта зрабіць, бо сытуацыя ў краіне пагаршаецца, расьце напружаньне, асабліва ў малых гарадох ды вёсках. Таму я ня ведаю, колькі яшчэ людзі змогуць маўчаць, бо цярпеньне народу ня вечнае.

Сёлета над Зьмітром Лупачам адбылося 5 судоў, агулам ён ужо заплаціў 4 189,5 беларускіх рублёў штрафу за прафэсійную дзейнасьць.

baj.by