Друкаваць гэтую старонку
Субота, 15 Красавік 2017

Журналістка Галіна Абакунчык: Няхай яны баяцца!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Галіна Абакунчык Галіна Абакунчык

12 красавіка ў Віцебскім абласным судзе журналістка тэлеканалу Белсат Кацярына Бахвалава і карэспандэнтка Радыё Свабода Галіна Абакунчык спрабавалі абскардзіць рашэньні судзьдзяў суду Аршанскага раёну і гораду Воршы ад 13 сакавіка гэтага году. Прадстаўніцы прэсы былі затрыманыя напярэдадні і аштрафаваныя за асьвятленьне мітынгу і шэсьця недармаедаў у Воршы.

Скаргу Кацярыны Бахвалавай на пастанову суду ніжэйшай інстанцыі, якім яна была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці, разглядала судзьдзя Ірына Смалякова. Аршанскі суд прызнаў журналістку вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (анлайн-трансьляцыі ў глябальным сеціве), а таксама ў непадпарадкаваньні законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі падчас выкананьня імі службовых паўнамоцтваў. Згодна з часткай другой артыкулу 22.9 і артыкулу 23.4 КаАП па сукупнасьці інкрымінаваных журналістцы тэлеканалу Белсат правапарушэньняў 13 сакавіка суд пакараў яе штрафам у памеры 30 базавых велічыняў.

У сваёй скарзе ў Віцебскі абласны суд журналістка адзначыла, што з пастановай суду нязгодная, бо яна не адпавядае Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Таксама яна выказала меркаваньне, што суд ня высьветліў аб’ектыўны бок высунутых супраць яе абвінавачваньняў.

Разгледзеўшы матэрыялы справы, і, як адзначыла судзьдзя Смалякова, «нікога не заслухаўшы» (журналістка на працэс не зьявілася), суд пастанавіў пакінуць бязь зьменаў рашэньне судзьдзі суду Аршанскага раёну і гораду Воршы ў дачыненьні да Кацярыны Бахвалавай, а яе скаргу – без задавальненьня. Працэс цягнуўся меней за пяць хвілінаў.

Галіна Абакунчык, якую абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (частка 1 артыкулу 23.34), на працэс прыехала, але ніякія аргумэнты і довады зь яе боку на рашэньне судзьдзі Сьвятланы Івановай не паўплывалі. Судзьдзя палічыла, што прысутнасьць спадарыні Галіны на мітынгу, зафіксаваная на апэратыўным відэа, зьяўляецца дастатковай падставай, каб пакінуць пастанову суду Аршанскага суду бяз зьмяненьня, а скаргу не задаволіць.

Пасьля суду Галіна Абакунчык падзялілася сваімі ўражаньнямі:

– Каб сказаць, што моцна штосьці ўразіла, дык не, бо добра ведаю судовую сыстэму. Тут ня суд працуе, тут працуе загад. Адкуль ён зыходзіць, гэта пытаньне іншае. Мы можам толькі здагадвацца. Свае аргумэнты суд не прыводзіць, ён іх вышуквае ў тых надуманых, беспадстаўных матэрыялах справы, каб хоць за штосьці зачапіцца і пакінуць ранейшае рашэньне ў сіле.

У нейкім сэнсе судзьдзяў можна нават пашкадаваць. Гэтыя беззаконьні, што цяпер адбываюцца, ня могуць прайсьці бясьсьледна. Яны застаюцца ў дакумэнтах, душах і лёсах людзей. Тыя структуры, якія мусяць бараніць грамадзянскія правы і законы, груба іх парушаюць, чыняць такое бязладзьдзе. Мне падаецца, гэта вернецца гэтым структурам, і вернецца ня ў лепшым выглядзе.

Сёньня я ўпершыню пазнаёмілася з матэрыяламі сваёй справы і зьдзівілася, якое там сабранае на мяне дасье, ледзь не ад самага нараджэньня. Гэта ж колькі людзей было задзейнічана! Цэлая армія сілавікоў за народныя грошы чыніць беззаконьне. І гэта страшна! Не ў літаральным сэнсе – страшныя самі маштабы зла! Але ня трэба яго баяцца. Мы – у сваёй краіне, і мы мусім перамагчы гэтае зло, бо за намі праўда. І якой бы патаптанай праўда ні была, яна ўзыдзе! Няхай яны баяцца!

С. Горкі