Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 08 Ліпень 2013

Незалежную журналістку Алену Сьцяпанаву будуць судзіць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Сьцяпанава Алена Сьцяпанава

Віцебскую журналістку Алену Сьцяпанаву вінавацяць у парушэньні заканадаўства аб СМІ. У міліцыі лічаць, што Алена супрацоўнічае з замежным СМІ без акрэдытацыі. 9 ліпеня журналістка разам з адвакатам наведала Кастрычніцкі РАУС Віцебску, дзе старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Сяргей Вяракса азнаёміў яе з пратаколам.

Паводле дакумэнту, Кастрычніцкі РАУС завёў супраць яе адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што Алена на працягу доўгага пэрыяду “ажыцьцяўляла прафэсійную дзейнасьць журналіста замежнага СМІ “Радыё Свабода” без адпаведнай акрэдытацыі”.

“У матэрыялах справы, якія перадаюцца ў суд, сярод доказаў ёсьць і такія: маўляў, міліцыянты бачылі, што я прысутнічала ў судох над актывістамі і нешта запісвала ў сваім блякноце, – распавяла прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алена. – Альбо нехта бачыў, што я званю па тэлефоне і расказваю пра падзеі “нявысьветленым асобам”. З гэтага яны робяць выснову, што я супрацоўнічаю з Радыё “Свабода”…”

Журналістка адмовіліся даваць тлумачэньні, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі, які дае чалавеку права ня сьведчыць супраць самога сябе.

У жніўні мінулага года Алене Сьцяпанавай абласная пракуратура вынесла папярэджаньне за супрацоўніцтва з “чэскай рэдакцыяй Радыё “Свабода””. Хаця такога СМІ і не існуе, аспрэчыць санкцыю журналістцы тады не ўдалося.

12 ліпеня справу Алены будзе разглядаць Кастрычніцкі райсуд Віцебску, пачатак а 15-й гадзіне. У выпадку прызнаньня журналісткі вінаватай ёй можа пагражаць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў