Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 03 Люты 2014

Ад рэдактара «Народных навін Віцебска» патрабуюць выдаліць крытычны матэрыял

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Серабро Сяргей Серабро

Рэдактар сайту «Народныя навіны Віцебска» Сяржук Серабро распавёў, што пасьля зьяўленьня на сайце тэксту “Bluefilters: альхімія продажаў фільтраў для вады ўтрыдорага» на яго пачаўся ціск. Артыкул выйшаў 13 сьнежня мінулага году. У тэксьце падрабязна апісана, як карэспандэнт запрасіў рэалізатараў фільтраў да сябе дахаты, а потым распавёў пра гэты візыт і пра іх мэтады пераконваць пакупнікоў у высокай якасьці тавару.

У артыкуле, разьмешчаным на сайце, таксама параўноўваюцца кошты: у рэалізатараў фільтар каштуе 7 750 000 рублёў, або каля 830 даляраў, а ў Польшчы, дзе фільтры фірмы «Bluefilters» вырабляюцца, іх кошт складае ўсяго 1299 злотых (каля 430 далараў).

Ніводнага слова пра якасьць прыбораў або пра фірму-вытворцу ў артыкуле не было. Публікацыя тычылася толькі працы рэалізатараў, прычым аўтар сьвядома пазьбягаў любых ацэначных водгукаў, гаворыць Сяргей Серабро:

«Тым ня менш камусьці гэты тэкст дужа не спадабаўся. Але каму – мне не вядома, бо я пачаў атрымліваць лісты па электроннай пошце з патрабаваньнем выдаліць тэкст. Аўтар мне не прадстаўляўся. 29 студзеня я атрымаў аналягічнае патрабаваньне ўжо ад кампаніі-хостэра. Ліст быў падпісаны Станіславам Ліўшам са службы падтрымкі кліентаў Dreamsee.biz. Відавочна, туды зьвярнуліся тыя ж асобы, што раней патрабавалі ад мяне выдаленьня крытычнага тэксту. Бо я пазнаў ранейшыя аргумэнты: сайт вінавацілі ў тым, што ён псуе рэпутацыю фірмы-вытворцы, і чамусьці спасылаліся на закон Расейскай Федэрацыі “Аб сродках масавай інфармацыі” ад 27 сьнежня 1991году».

Сяржук Серабро кажа, што гатовы ў судзе выслухаць прэтэнзіі тых, каму не падабаецца крытычны артыкул. Але – паводле беларускага заканадаўства, бо фірма – распаўсюднік польскіх фільтраў месьціцца і зарэгістраваная ў Беларусі.

«Я напісаў хостэру, што рэпутацыя фірмы “Bluefilters” не закранутая, і што мне не вядомая асоба, якая выступае з прэтэнзіямі ад імя гэтай фірмы. Нельга выключаць, што гэта не афіцыйны прадстаўнік “Bluefilters”, які назваў бы сваё імя і пасаду, а мясцовыя рэалізатары. Менавіта на іх адрас было шмат нэгатыўных камэнтароў пасьля выхаду артыкулу. Я гатовы гарантаваць, што ўся інфармацыя, якая ёсьць у тэксьце, правераная і дакладная. А таму здымаць артыкул з сайту адмаўляюся катэгарычна. Зрабіць гэта мяне можа прымусіць толькі адпаведнае рашэньне суду, калі будуць даказаныя факты зьнявагі гонару і годнасьці», – сказаў рэдактар «Народных навін Віцебска”.

Сяржук Серабро зьвяртае ўвагу яшчэ на адзін цікавы факт: 21 лістапада 2013 году ў дзяржаўнай гарадзкой газэце «Віцьбічы» быў надрукаваны рэклямны артыкул «З чыстай вадой і чыстымі думкамі». Там дзейнасьць фірмы ТАА «ЛД-Юніён» – рэалізатара польскіх фільтраў для ачысткі вады – ацэньвалася вельмі станоўча.

Беларуская асацыяцыя журналістаў