Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 29 Снежань 2014

Суд прызнаў актывістаў «Сумленнай улады» дробнымі хуліганамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Па 25 базавых велічынь штрафу сябрам стваранага міжнароднага аб’яднаньня «За сумленную ўладу» Пятру Іванову і Аляксандру Холаду і 10 базавых велічынь Пятру Берлінаву – такое рашэньне абвясьціла 23 сьнежня судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Натальля Карабліна. Усе трое былі прызнаныя вінаватымі ў парушэньні артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Актывістаў абвінавацілі ў тым, што 5 сьнежня яны нібыта незаконна ўварваліся на ўчастак, дзе стаяў дом Пятра Берлінава, які згодна з рашэньнем мясцовых уладаў падлягаў зносу, зламалі пры гэтым весьнічкі і зьбілі вартаўніка. У якасьці доказу віны абвінавачаных выкарыстоўваўся дыск з відэазапісам і паказаньні сьведак.

Распавядае Пётар Берлінаў: «Зямля знаходзілася ў маім карыстаньні, я прыйшоў на сваю зямлю. «Жылбуд» сваім лістом мяне раней апавясьціў, што я ў любы час магу прыходзіць і забіраць сваю маёмасьць. Але вартаўнік мяне не пускаў. Гэтак было неаднаразова. 5-га чысла я прывёў на ўчастак сваіх знаёмых, каб яны засьведчылі, што чыніцца беззаконьне. Мы нічога неправамернага не зьдзяйсьнялі, парадак не парушалі – мы проста прыйшлі на мой участак. Я адчыніў весьнічкі правільна – унутар, не ламаў іх. А нас абвінавацілі, што мы іх зламалі. Ды напалі на вартаўніка. Хаця гэта ён мне парваў куртку і швэдар, спрабуючы нас не пусьціць».

Галоўным сьведкам на судзе выступаў вартаўнік, нібыта зьбіты актывістамі. Паводле словаў спадара Берлінава, адказы вартаўніка на пытаньні судзьдзі былі супярэчлівымі, ён блытаўся ў сваіх паказаньнях. Вартаўнік сьцьвярджаў, што актывісты зламалі весьнічкі, павалілі яго ды ўтраіх ляжалі на ім. Ніхто зь іншых сьведкаў гэтага не пацьвердзіў.

Што тычыцца астатніх сьведак – двух рабочых «Жылбуду», якія працавалі на ўчастку падчас інцыдэнту, – дык яны спрабавалі казаць праўду. « Сьведкі пацьвердзілі, што мы падышлі, прадставіліся. Хаця вартаўнік казаў, што мы падбеглі, пачалі нагамі біць па брамцы мэталёвай – кажа Берлінаў.  –  Аднак судзьдзя Карабліна пачынала задаваць ім навадныя пытаньні, каб у выніку яны блыталіся і сьведчылі супраць нас».

«Напрыклад, заходзіць сьведка. Я і іншыя задаюць яму пытаньне: Ці гучаў з нашага боку мат? Ён: Не, не гучаў. А судзьдзя тады запытваецца: Ці ўсё поўнасьцю, ад пачатку да канца вы чулі, усе размовы? Або, мабыць, нешта маглі ня чуць? То бок судзьдзя наводзіла сьведку на тое, каб ён сказаў, што, маўляў, так, я мог не пачуць нейкіх словаў».

Актывісты ўпэўненыя, што іх пакаралі штрафам незаконна. Найбліжэйшым часам яны зьбіраюцца абскардзіць рашэньне судзьдзі Карабліной у абласным судзе.