Друкаваць гэтую старонку
Серада, 17 Студзень 2024

Распаўсюджванне «экстрэмізму» стала прычынай арышту жыхара Наваполацка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Суддзя суда Наваполацка Таццяна Хрыпач 30 снежня за распаўсюд у сацыяльнай сетцы «экстрэмізму» пастанавіла арыштаваць на 13 сутак працаўніка «Нафтана» Максіма Гарбачова.

У судзе мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён на сваёй персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» меў спасылкі на інфармацыйныя рэсурсы: «МАЯ КРАІНА ВОЛЬНАЯ ВЯЛІКАЯ ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ!!!», на лагатып і тэкст «БЕЛСАТ», «STOP LUKA», гурт «Ябацькі наХ» і «Наша Беларусь». Усе гэтыя рэсурсы ўладамі ў рознае былі ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым паседжанні Максім патлумачыў, што ён стварыў сваю старонку даўно. Больш за тры гады таму стала вядома аб тым, што гэтыя каналы забаронены, у сувязі з чым зайшоў на сваю старонку і выдаліў забароненую інфармацыю. Пасля гэтага не карыстаўся сваёй старонкай. Дапускае, што мог не ўсю забароненую інфармацыю выдаліць.

Тым не менш суддзя Хрыпач прыйшла да ўнутранай перакананасці ў тым, што Гарбачоў учыніў правапарушэнне паводле ч.2. арт.19.11 КаАП і падвергла яго адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе арышту на тэрмін трынаццаць сутак.

Жана Яршова