Друкаваць гэтую старонку
Субота, 14 Май 2022

Былога ксяндза з Паставаў аштрафавалі на 960 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пастаўскі раённы суд прызнаў ксяндза Анджэя Бульчака вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суд прайшоў без падсуднага: Андрэй Бульчак пакінуў Беларусь 29 сакавіка, даведаўшыся, што супраць яго распачалі адміністрацыйную справу. Ксёндз заявіў, што не лічыць сябе вінаватым, і не будзе падтрымліваць рэжым штрафамі ў дзяржаўны бюджэт.

Разам з моладдзю пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз выпускаў відэаролікі. Адзін з іх, пад назовам «Ліст», быў адрасаваны польскай моладзі. Паводле сюжэту, жыхарка Беларусі піша ліст у Польшчу пра тое, што простыя беларускія людзі не падтрымліваюць вайну ва Украіне. У відэароліку быў выкарыстаны фрагмент дакументальных здымак з лагатыпам «Белсат» і бел-чырвона-белым сцягам, гэта суд і прызнаў «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Ксёндз Андрэй Бульчак – грамадзянін Польшчы. І ён быў вымушаны з’ехаць на Радзіму заўчасна, бо добра ўсведамляў, што працягваць служэнне ў Паставах яму не дазволяць. Дазвол на працу ў Беларусі ў яго мае скончыцца ў траўні. Тут, у прыватнасці, на Віцебшчыне, ксёндз Андрэй працаваў на працягу апошніх 14-ці гадоў. Падчас ягонага святарства быў збудаваны новы касцёл у Чашніках, а потым святара перавялі на працу ў Паставы, дзе ён таксама кіраваў будаўніцтвам новага касцёла, які сёння ўжо практычна гатовы.

Не маючы магчымасці развітацца з парафіянамі,  Андрэй Бульчак запісаў апошні відэазварот да іх ужо з Польшчы. Перадаючы прывітанне дзецям парафіі, святар пажадаў ім жыць у вольнай Беларусі.

Эмілія  Протас