Друкаваць гэтую старонку
Серада, 23 Люты 2022

15-гадовага падлетка суд адправіў на 10 гадоў за краты за 14 грамаў забароненага рэчыва

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суд Першамайскага раёну гораду Віцебску вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да 15-гадовага падлетка С. з Наваполацку, прызнаўшы яго вінаватым у распаўсюджванні буйной партыі наркотыкаў у складзе арганізаванай групы (частка 4 артыкула 328). На працэсе сваю віну хлопец прызнаў толькі часткова.

Па версіі суду С. «вясной 2021 года пагадзіўся «працаваць» закладчыкам у адной з інтэрнэт-крам для продажу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў на тэрыторыі гарадоў Віцебску і Полацку».

За сваю працу ён нібыта атрымліваў грашовую ўзнагароду. Падчас затрымання пры ім, а таксама ў месцах размяшчэння «закладак», былі знойдзены забароненыя да абароту наркатычныя рэчывы ў памеры 14-грамаў. На судзе хлопец не стаў адмаўляць, што атрымліваў грашовую ўзнагароду за раскладванне забароненых псіхатропаў, аднак адмовіўся ад здзяйснення дадзенага злачынства ў складзе арганізаванай групы.

Не пагадзіўшыся з вердыктам суду Першамайскага раёну С. разам са сваім адвакатам, патрабуючы перагляду прысуду, падаў апеляцыйную скаргу ў абласны суд. Аднак абласны суд не падтрымаў ягоныя довады і пакінуў прысуд без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

Такім чынам, прысуд набыў законную моц.

Варта нагадаць, што крымінальная адказнасць у Беларусі надыходзіць толькі з 16-гадовага ўзросту. Толькі за некаторыя віды злачынстваў, напрыклад, за забойствы, надыходзіць адказнасць з 14-гадовага ўзросту. За незаконны абарот наркотыкаў таксама адказнасць надыходзіць з 14 гадоў. Але толькі ў выпадку, калі мэтай з'яўляецца іх збыт.

Яўген Князеў