Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 21 Верасень 2021

Суд ліквідаваў моладзевае аб’яднанне, кіраўнік якога падазраецца ў педафіліі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Андрэй Рэмаў. Фота: vitebsk.mvd.gov.by Андрэй Рэмаў. Фота: vitebsk.mvd.gov.by

21 верасня Віцебскі абласны суд задаволіў пазоў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму аб ліквідацыі моладзевага грамадскага аб’яднання «Грань». Інтарэсы пазоўніка ў судзе прадстаўляла начальніца аддзелу дзяржаўнай рэгістрацыі камерцыйных і некамерцыйных арганізацый і юрыдычнай экспертызы. Прадстаўнікі аб’яднання «Грань» на судовым паседжанні не прысутнічалі.

Справу разглядала суддзя Вольга Ільюшонак.

Моладзевае аб'яднанне «Грань» было зарэгістраванае ў 2000 годзе. У 2006-м у статут абʼяднання ўносіліся змены, пасля чаго ва ўпраўленне юстыцыі прадстаўнікі абʼяднання больш не звярталіся. У 2015-м і 2018-м гадах галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму накіроўвала старшыні аб’яднання Андрэю Рэмаву лісты аб неабходнасці падаваць ва ўпраўленне вызначаную законам інфармацыю. Аднак такая інфармацыя кіраўніком не дасылалася, што і стала падставай для звароту ў суд аб ліквідацыі «Грані».

Суд пастанавіў разгледзець справу ў адсутнасці прадстаўніка аб’яднання. Суддзя Вольга Ільюшонак агучыла пададзеныя матэрыялы, заслухала прадстаўніцу галоўнага ўпраўлення юстыцыі, якая пазоўнае патрабаванне ў судзе падтрымала і прасіла яго задаволіць.

Пасля перапынку суддзя Ільюшонак заявіла, што, вывучыўшы абставіны справы, суд прыйшоў да высновы аб неабходнасці задавальнення заяўленых пазоўных патрабаванняў. Суд пастанавіў ліквідаваць моладзевае грамадскае аб’яднанне «Грань», зарэгістраванае ў галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму 24 ліпеня 2000 году.

Паводле інфармацыі УУС Віцебскага аблвыканкаму 55-гадовы Андрэй Рэмаў нядаўна быў затрыманы ў Маскве. Мужчыну абвінавачваюць у злачынствах супраць палавой недатыкальнасці няпоўнагадовых. Мяркуецца, што ахвярамі педафіла сталі як мінімум 12 падлеткаў. Яшчэ ў 2013 годзе былы кіраўнік МГА «Грань», на базе якога працаваў клуб «Юны выратавальнік», быў затрыманы праваахоўнымі органамі па падазрэнні ў разбэшчванні няпоўнагадовых, але падазраванага адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Пасля гэтага ён уцёк за мяжу. Рэмаў быў аб’яўлены ў міжнародны вышук, знаходзіўся ў федэральнай базе вышуку МУС Расеі, але затрымалі яго толькі цяпер.

Ян Ластаўка