Друкаваць гэтую старонку
Серада, 15 Верасень 2021

Доктар-псіхіятр з Полацку абвясціў галадоўку ў зале суду

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

15 верасня суд Полацкага раёну і гораду Полацку пакараў адміністрацыйным арыштам на 7 сутак лекара-псіхіятра Полацкай абласной псіхіятрычнай лякарні Віталя Савіцкага за перапост артыкулу ў сацыяльнай сетцы. Рашэнне аб арышце лекара прыняў суддзя Віктар Баліка. Пратэстуючы супраць несправядлівага, на ягоную думку, рашэння, Віталь Савіцкі заявіў пра пачатак галадоўкі адразу пасля абвяшчэння прысуду.

Перапост матэрыялу быў зроблены яшчэ 16 чэрвеня ў «Вконтакте» ў групе «Плошча», якую прызналі экстрэмісцкай. Тэкст паста распавядаў пра жыццё жонкі Аляксандра Тарайкоўского, які загінуў у Менску падчас акцый пратэсту. Распавядалася, як дзіця Тарайкоўскага перажывае смерць бацькі, пра дапамогу псіхолага.

Віталя Савіцкага затрымалі зранку 14 верасня, калі ён прыйшоў у Полацкі РАУС па позве, якую яму ўручыў на працы ўчастковы Віктар Кураш. Лекара абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць (арт. 19.11 КаАП). Гэты артыкул прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь або арышт.

На судзе Віталь Савіцкі не прызнаў сваёй віны, пагадзіўшыся з тым, што сапраўды перапосціў артыкул пра сям'ю Тарайкоўскага. Зазначыў, што ў тэксце артыкулу не было ніякіх заклікаў да гвалту ці «экстрэмісцкай дзейнасці». Медык заявіў, што не ведаў пра тое, што група «Плошча» лічыцца «экстрэмісцкай». Суддзя Віктар Баліка адказаў на гэта, што ўрач-псіхіятр «павінен быў разумець істотную пагрозу бяспецы ад перапосту экстрэмісцкіх матэрыялаў». «Некаторыя нашы дзеянні павінны мець пэўную падрыхтоўку і прадбачлівасць», – сказаў суддзя.

Віталь Савіцкі быў прызнаны вінаватым. Ён і ягоныя сябры, якія прысутнічалі на паседжанні, спадзяваліся на штраф, аднак суддзя Баліка пакараў лекара арыштам на 7 сутак.

Адразу пасля абвяшчэння прысуду Віталь Савіцкі заявіў аб пачатку галадоўкі. Такім чынам мужчына выказвае пратэст супраць несправядлівага рашэння суду. Суддзя Баліка зрабіў выгляд, што не пачуў заявы падсуднага.

Пасля суду над Віталём Савіцкім

Адзначым таксама, што на выхадзе з суду ўчастковы міліцыянт Віктар Кураш папярэдзіў усіх сяброў Віталя, каб ніякіх фотаздымкаў з судовага паседжання не зʼявілася ў сацыяльных сетках, прыгразіў чарговымі штрафамі і арыштамі.

Аляксандр Марозаў