Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 05 Ліпень 2021

Два з паловай гады «хіміі» за каментар на адрас чыноўніка, які прымушаў фальшаваць вынікі выбараў

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Сяргей Ільюшэнка перад вынясеннем прысуду Сяргей Ільюшэнка перад вынясеннем прысуду

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 5 ліпеня скончыўся разгляд крымінальнай справы, распачатай супраць Сяргея Ільюшэнкі. 34-гадовы віцяблянін быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Прысуд – два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі за каментар на адрас экс-кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргея Сташэўскага. Такое рашэнне прыняла суддзя Таццяна Родзіна.

«Сяргея Ільюшэнку прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе артыкулу 369 КК РБ прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады і 6 месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу», – агучыла прысуд суддзя Таццяна Родзіна.

Каментар, за які быў асуджаны мужчына, быў размешчаны ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» пад постам пра Сяргея Сташэўскага, які «праславіўся» пасля публікацыі аўдыёзапісу, на якім ён прымушае настаўнікаў перапісваць выніковыя пратаколы выбараў.

Праваабаронцы задаюцца пытаннем, якія ж менавіта «службовыя абавязкі» выконваў Сташэўскі, прымушаючы фальсіфікаваць вынікі выбараў. Тым больш, што ўдзел у выбарах не ўваходзілі ў ягоныя службовыя абавязкі як кіраўніка раённай адміністрацыі.

Сяргей Ільюшэнка шакаваны рашэннем суддзі. Пасля паседжання прызнаўся, што не разлічваў на апраўдальны прысуд, але думаў, што дадуць менш – года паўтара, не больш. 

Шакаваныя былі і слухачы, якія прыйшлі яго падтрымаць.

«Я прыйшоў на гэты суд пераканацца ў тым, што ўсё, што кажуць людзі і пішуць у незалежнай прэсе, – не выдумка. І пасля пачутага прысуду пераканаўся, што гэта так. Усё, што патрабуе пракуратура, суддзі выконваюць, усё задавальняецца ў поўным аб'ёме. Ясна, што ў нармальныя часы гэта скончылася б адно адміністрацыйным спагнаннем. Але ж цяпер – гэта крыміналка і рэальныя тэрміны», – пракаментаваў рашэнне суду адзін са слухачоў.

Сяргей Ільюшэнка мае намер падаць апеляцыю ў Віцебскі абласны суд, каб абскардзіць вырак. Законнай моцы прысуд пакуль не набыў.

Уладзімір Бяляўскі