Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 15 Чэрвень 2021

Судаводства па скарзе «лясных фей» спынілі. «Гэта абмежаванне доступу да правасуддзя» – праваабаронца

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
У абласным судзе У абласным судзе

14 чэрвеня судовая калегія ў грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду разгледзела скаргу шасці віцяблянак на дзеянні намесніка начальніка Першамайскага РАУС Івана Доўгага. Жанчыны былі затрыманыя 13 студзеня за «пікет у лесе» і беспадстаўна кінутыя ў ізалятар. Судаводства па скарзе «лясных фей» (так іх пачалі называць у інтэрнэце) спыненае: калегія пастанавіла, што справа не падлягае разгляду ў грамадзянскім судзе.

Скаргу ў абласны суд падавалі жыхаркі Віцебску Людміла Валадкевіч, Тамара Ільіна, Людміла Камінская, Раіса Кухто, Алена Каснова і Таццяна Севярынец. Рашэнне ў справе прымала судовая калегія ў складзе суддзяў Святланы Волкавай, Таццяны Дзегцяровай і Марыны Острыкавай.

12 сакавіка жанчыны звярнуліся спачатку ў суд Першамайскага раёну Віцебску са скаргай на незаконныя дзеянні намесніка начальніка Першамайскага РАУС Івана Доўгага, які 13 студзеня аддаў загад затрымаць віцяблянак да суду на 72 гадзіны і змясціць у ІЧУ. Скаржніцы палічылі дзеянні Доўгага незаконнымі, якія парушалі іх грамадзянскія правы на свабоду, прасілі прызнаць гэта і суд. Але суд скаргі не задаволіў і абавязаў заяўніц аплаціць судовыя выдаткі (па 4 рублі 85 капеек).

Віцяблянкі з рашэннем раённага суду не пагадзіліся. Прасілі абласны суд пастанову адмяніць і прыняць новае рашэнне па сутнасці заяўленага патрабавання. Жанчыны лічаць, што суд першай інстанцыі парушыў працэсуальныя нормы, нормы матэрыяльнага права, а таксама міжнародныя нормы.

Міліцыя баіцца Skype?..

У абласным судзе аўтаркі скаргі хадайнічалі, каб у якасці прадстаўніка грамадскасці да ўдзелу ў судовым паседжанні праз скайп быў дапушчаны сябра Беларускага Хельсінкскага камітэту (БХК) Павел Левінаў. Праваабаронца таксама даслаў у суд аналагічнае хадайніцтва. Судовая калегія, аднак, просьбу адхіліла, спаслаўшыся на тое, што не мае на гэта згоды ўсіх удзельнікаў працэсу. Як палічыла кіраўніцтва Першамайскага РАУС, «праграма Skype не ёсць гарантавана абароненай і не можа гарантаваць бяспеку супрацоўніку РАУС». Дарэчы, супрацоўнік міліцыі на суд так і не з’явіўся.

Усе заяўніцы пададзеную апеляцыю падтрымалі. Дадалі, што Іван Доўгі не меў ніякіх аб’ектыўных падставаў для іх затрымання. Абурыла і агульнае стаўленне да іх з боку міліцыянтаў у пастарунку. Цягам васьмі гадзін жанчынам не давалі есці, у выніку ў Севярынец і Ільіной падвысіўся ціск. Тамара Ільіна трапіла ў лякарню з гіпертанічным крызам. Найбольш абурыў жанчын факт паўторнага затрымання на самым ганку Першамайскага РАУС, калі пасля апытання і складання пратаколаў іх нібыта «адпусцілі», але праз пару хвілін ізноў затрымалі і адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Прычым пратаколаў паўторнага затрымання ніхто на іх ужо не складаў.

«Я цяпер не ведаю, як жыць»

Віцяблянка Раіса Кухто казала ў судзе, што пасля затрымання ў яе здарыўся маральны шок.

«Усё жыццё я імкнулася шліфаваць свае маральныя нормы, але тое, што адбылося з намі – гэта здзек. З людзьмі гэтак нельга: выпусціць і тут жа вярнуць! Гэта, відаць, было запланавана. У мяне дагэтуль – шок. І я цяпер не ведаю, як жыць, калі разбураныя ўсе маральныя нормы, тое, чым я жыла. Мяне, маленькую жанчыну, проста так могуць захапіць, паставіць тварам да сцяны і пасадзіць. Гэта здзек!» – сказала жанчына.

Пасля перапынку судовая калегія агучыла сваё рашэнне: пастанову суду Першамайскага раёну Віцебску ад 12 сакавіка адмяніць, а судаводства ў справе спыніць.

Левінаў: Суд абмежаваў доступ да правасуддзя

Прымаючы такое рашэнне, судовая калегія сыходзіла з таго, што заяўніцы, абскарджвалі дзеянні Івана Доўгага як службовай асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс. Пададзеная заяўніцамі скарга разгледжаная судом у парадку, прадугледжаным арт. 353 і 357 ГПК, і пры такіх абставінах рашэнне суду не можа быць прызнанае законным і мусіла быць адмененае. Справа не падлягае разгляду ў грамадзянскім судзе з прычыны яго пазаведамаснасці.

«У адпаведнасці з арт. 60 Канстытуцыі, кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Кіруючыся арт. 353 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, грамадзянін мае права звярнуцца ў суд са скаргай, калі лічыць, што неправамернымі дзеяннямі (бяздзейнасцю) дзяржаўных органаў і службовых асобаў ушчэмленыя яго правы. Аднак суд сваім рашэннем абмежаваў доступ да правасуддзя», – лічыць праваабаронца Павел Левінаў.

Ян Ластаўка