Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 13 Май 2021

Што адбываецца ў працэсе над Таццянай Туравец, якую вінавацяць у гвалце да міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Таццяна Туравец Таццяна Туравец

13 траўня суд Віцебскага раёну завяршыў даследаванне матэрыялаў справы жыхаркі пасёлку Ноўка Таццяны Туравец, абвінавачанай у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС (арт. 364 КК). У судзе абвесцілі перапынак да 24 траўня.

Паседжанне 13 траўня праходзіла без удзелу пацярпелых міліцыянтаў Сергіенкі, Старчанкі, Шутава і Філіпенкі. Нагадаем, паводле следства, аднаго з іх Таццяна Туравец укусіла за палец, а другому пракусіла пальчатку, калі на яе хацелі надзець кайданкі.

На паседжанні даследаваліся матэрыялы справы, якая складаецца з трох тамоў. Агучваў іх пракурор Мікіта Раманоўскі.

Высветлілася, што ў матэрыялах справы маюцца медычныя дакументы, якія сведчаць, што ў Таццяны Туравец пасля затрымання былі выяўленыя пашкоджанні пляча.

«Міліцыянты пашкодзілі мне сухажыллі пляча, і я зараз праходжу лячэнне. І гэтыя факты пацвярджаюць тое, што на мяне было, па сутнасці, учыненае нападзенне», – заявіла Туравец, адказваючы на пытанні адвакаткі.

Абаронца Таццяны Туравец хадайнічала ў судзе аб правядзенні судова-крыміналістычнай экспертызы пальчатак міліцыянта Старчанкі, якія Туравец нібыта пракусіла. Бо ў агучаных матэрыялах справы маецца заключэнне эксперта, паводле якога на міліцэйскай пальчатцы быў выяўлены толькі прарыў па шве, але не пашкоджанні ад чалавечых зубоў. Суддзя Наталля Траццякова пастанавіла разгледзець пытанне аб заяўленым хадайніцтве пасля таго, як будуць атрыманыя вынікі таваразнаўчай экспертызы, на якую ўжо накіравалі пальчатку пацярпелага супрацоўніка Віцебскага РАУС Старчанкі. Ён хоча атрымаць за «пашкоджаную пальчатку» 50 рублёў кампенсацыі.

У слуханнях па справе абвешчаны перапынак да 24 траўня (пачатак паседжання – у 10.30).

Нагадаем, Таццяне Туравец інкрымінуюць тое, што ўначы 10 лютага яна перашкаджала міліцыянтам рабіць ператрус у ейнай хаце, а калі тыя гвалтам хацелі надзець на яе наручнікі – пакусала іх і ўдарыла аднаго з іх нагой у вобласць галавы. Туравец пагражае да 6 гадоў зняволення.

12 траўня паводле арт. 24.23 КаАП за краты на 20 сутак трапіла дачка Таццяны Ангеліна Туравец.

Зміцер Міраш