Друкаваць гэтую старонку
Серада, 04 Лістапад 2020

Пачаўся працэс над 18-гадовай Сафіяй Цярэнцьевай. У справе з'явіўся другі пратакол

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Сафія Цярэнцьева Сафія Цярэнцьева

18-гадовая віцяблянка Сафія Цярэнцьева 29 кастрычніка зладзіла ў падтрымку рэпрэсаваных студэнтаў адзіночны пікет. У той жа дзень дзяўчына была адлічаная з тэхналагічнага каледжа, яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА, дзе правяла трое сутак. 4 лістапада адміністрацыйную справу (ч.3 арт. 23.34 КаАП), заведзеную ў дачыненні Цярэнцьевай, пачаў разглядаць суд Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Справу Сафіі Цярэнцьевай разбірае суддзя Уладзімір Царыкаў. Як аказалася, у матэрыялах справы маюцца два пратаколы. Сафію абвінавацілі не толькі ў правядзенні несанкцыянаванага пікетавання 29 кастрычніка, але і ў пікетаванні, якое яна нібыта зладзіла 26 кастрычніка. З другім пратаколам дзяўчына катэгарычна не згадзілася. Запэўніла, што 26 кастрычніка знаходзілася на бюлетэні, нікуды з дому не выходзіла і ніякіх фотасесій не рабіла («Нават на балконе!» – удакладніла Сафія Цярэнцьева).

Што тычацца 29 кастрычніка, патлумачыла, што сапраўды стаяла ў гэты дзень у фае Віцебскага тэхналагічнага каледжа (філіял ВДТУ) з плакатам у руках, на якім быў размешчаны фотаздымак затрымання студэнтаў віцебскага медуніверсітэту з надпісам «Гэта нармальна?». Паводле Сафіі, да гэтага з навучэнцамі каледжа размаўляла іхняя куратарка і сказала, што «затрыманне студэнтаў-медыкаў – гэта нармальна» і што «трэба яшчэ больш гвалту».

«Вось пасля такіх словаў выкладчыцы я і вырашыла выйсці ў фае з плакатам. Хацела даведацца, ці астатнія навучэнцы таксама лічаць, што затрыманні і гвалт супраць студэнтаў – гэта нармальна», – патлумачыла на судзе Сафія.

Расказала таксама, што супрацоўнікі МУС затрымлівалі яе ў кабінеце дырэктаркі каледжа. Плакат быў канфіскаваны, і яго ёй пакуль не вярнулі. У той жа дзень, 29 кастрычніка, дзяўчыну адлічылі з 2 курсу ВДТК.

Суддзя Уладзімір Царыкаў, выслухаўшы тлумачэнні Цярэнцьевай, прыняў рашэнне перанесці разгляд справы на 12 лістапада і запрасіць на паседжанне сведкаў – міліцыянта, які складаў пратакол за правапарушэнне, учыненае нібыта 26 кастрычніка, а таксама – выкладчыцу каледжа. Пачатак судовага паседжання прызначаны на 10.00.

За апошнія месяцы 18-гадовая віцяблянка Сафія Цярэнцьева некалькі разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Агулам яна 5 сутак правяла за кратамі віцебскага СІЗА. У дадатак была аштрафаваная на 54 рублі. 

Адміністрацыйны пераслед чыніцца і ў дачыненні сясцёр Сафіі – Станіславы і Караліны Цярэнцьевых.

Зміцер Міраш