Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 02 Лістапад 2020

Пенсіянерцы Таццяне Зеляновай вынеслі папярэджанне. Да гэтага быў штраф

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Таццяна Зелянова Таццяна Зелянова

Суд Першамайскага раёну Віцебску 2 лістапада вынес папярэджанне 64-гадовай віцяблянцы Таццяне Зеляновай за ўдзел у мірным маршы 30 жніўня (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Пенсіянерка назвала на судовым паседжанні выстаўленыя ў дачыненні яе абвінавачанні смеху вартымі.

Справу пенсіянеркі Таццяны Зеляновай разбірала суддзя Вераніка Барысава. Міліцыянты абвінавацілі Зелянову ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – шэсці, якое адбылося ў Віцебску 30 жніўня. Паводле пратаколу, жанчына 40 хвілін рухалася ў складзе калоны маніфестантаў ад ГЦ «Трыо» да крамы «Карона» на скрыжаванні пр. Будаўнікоў і вул. Чкалава.

Зелянова віну не прызнала, сцвердзіўшы, што ад «Трыо» да «Кароны» можна прайсці за 5 хвілін нават павольным крокам. Патлумачыла суду, што выйшла з дому, каб наведаць аптэку ў «Кароне», і прайшла гэтую адлегласць па ходніках разам з маніфестантамі.

«Смеху вартае абвінавачанне ў дачыненні чалавека, які проста выйшаў з дому і ішоў 5 хвілін па тратуары! І гэтым абвінавачаннем займаліся дзясятак супрацоўнікаў цягам двух месцаў! Як такое можа быць?» – здзіўлялася Таццяна Зелянова.

Па словах пенсіянеркі, яна ніяк не магла актыўна ўдзельнічаць у шэсці, бо несла ў руках сумку, таму «нават пляскаць у далоні не магла».

Пасля прагляду відэадоказаў суддзя Вераніка Барысава палічыла віну віцяблянкі даказанай і вынесла ёй папярэджанне.

На думку Таццяны Зеляновай, суддзя прыняла «чалавечае рашэнне». Тыдзень таму Зелянову ўжо судзілі за правапарушэнне паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП, але тады пакаралі штрафам у памеры 2 базавыя велічыні (54 рублі).

Таксама 2 лістапада паводле артыкулу 23.34 КаАП былі пакараныя штрафамі Алеся Красікава (8 базавых велічынь) і Леанід Пятроў (4 базавыя велічыні). Іхныя справы разглдаліся адпаведна судамі Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў.

Зміцер Міраш