Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 18 Верасень 2020

20 базавых за «Jabat'ka Hotel…» ды іншыя прысуды 18 верасьня па справах мірных пратэстоўцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Кацярына Макарэвіч Кацярына Макарэвіч

12 верасьня ў Кастрычніцкім і Першамайскім судах Віцебску праходзілі адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі мірных акцый па артыкуле 23.34. Грамадзяне атрымалі штрафы ад 2 да 20 базавых велічынь. Найбольшы штраф прысудзілі аўтарцы плякату «Jabatʼka Hotel...».

Згодна пратаколу, агучаным судзьдзём Міхаілам Юрчанкам у судзе Першамайскага раёну, супраць віцяблянкі Кацярыны Макарэвіч па ч. 1, арт 23.34 былі выстаўленыя стандартныя абвінавачаньні: «узяла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсьці без адпаведнага дазволу…».

Кацярына Макарэвіч не адмаўлялася ад свайго ўдзелу ў вулічным маршы 6 верасьня, больш за тое – яна адкрыта патлумачыла, чаму выходзіла на шэсьце.

«Я супраць гвалту, супраць фальсыфікацыі выбараў. Я разумела, што раблю, хаця лічу, што не павінна быць законаў, якія абмяжоўваюць негвалтоўнае выказваньне грамадзянскай пазыцыі. Я не магу быць убаку, калі людзей зьбіваюць, гвалтуюць – гэта ненармальна. Мае знаёмыя, сябры моцна пацярпелі ў пэрыяд ад 9 па 11 жніўня. І ні па адным выпадку ня ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы, ніводзін з тых, хто ўчыніў гвалт, не пакараны», – выказалася Кацярына.

Судзьдзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў дзяўчыну на 2 базавыя велічыні (54 рублі).

Рашэньне па справе Мікіты Палеонка прымала судзьдзя Вераніка Барысава. Зь меркаваньня міліцыі, маладзён парушыў усталяваны парадак правядзеньня вулічнага шэсьця. Адміністрацыйнае правапарушэньне было кваліфікаванае згодна ч.1, арт. 23. 34.

Мікіта Палеонак патлумачыў, што ў вулічным шэсьці ён ня ўдзельнічаў, а ішоў побач. Звычайна адлегласьць складала 5-7 мэтраў, але на адным зь відэа, прадэманстраваным у судзе, ён амаль зьліўся з калёнай. Гэтая акалічнасьць, відаць, дала судзьдзі Барысавай падставу прызнаць правапарушэньне даказаным і аштрафаваць Мікіту на 2 базавыя велічыні (54 рублі).

Разгляд справы Канстанціна Бадэ, які выйшаў з плякатам «Праўда пераможа сілу і хлусьню» не адбыўся. Судзьдзя Міхаіл Юрчанка адправіў яе на дапрацоўку.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску выкладчыца фартэпіяна Тацяна Лук’янава за выхад з плякатам «Jabatʼka Hotel...» пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).

С. Горкі