Друкаваць гэтую старонку
Серада, 22 Ліпень 2020

Тацяну Севярынец аштрафавалі на 810 рублёў: скандавала «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Тацяна Севярынец на судзе (справа)) Тацяна Севярынец на судзе (справа))

Чарговы судовы працэс над актывісткай БХД Тацянай Севярынец прайшоў 22 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Судзьдзя Дзяніс Аляксеенка прызнаў Севярынец вінаватай у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах ( ч.3 арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў.

Як зафіксавана ў двух адміністрацыйных пратаколах, складзеных на Тацяну Севярынец маёрам міліцыі Склімянком, жанчына ўзяла актыўны ўдзел у не дазволеных уладамі масавых мерапрыемствах каля ГЦ «Марка-Сіці» 31 траўня і 7 чэрвеня. На пікетах «публічна выказвала свае асабістыя і грамадзка-палітычныя інтарэсы, скандавала лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!»

На судзе Тацяна Севярынец спаслалася на арт. 61 Выбарчага кодэксу, згодна зь якім падчас выбарчай кампаніі збор подпісаў можа ажыцьцяўляцца ў форме пікетаваньня, дазвол на які браць ня трэба. 31 траўня яна прыйшла паставіць свой подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую і не адмаўлялася ад таго, што выступіла на пікеце, тым больш што ў ім браў удзел ейны сын – цяпер палітвязень Павал Севярынец. Імпрэза было абсалютна законнай, сьцьвердзіла Тацяна Севярынец.

Тацяну Севярынец прыйшла падтрымаць у судзе моладзь

Актывістка не пагадзілася з тым, што нібыта заклікала на пікеце да байкоту выбараў. Заклікала толькі «не баяцца выказваць сваё меркаваньне, бо гэтае права гарантуецца і заканадаўствам, і Канстытуцыяй».

Што да пікетаваньня 7 чэрвеня, то спадарыня Тацяна не адмовілася ад сваёй прысутнасьці на ім, але запэўніла, што ніякіх плякатаў, як гэта сьцьвярджалася ў пратаколе, не выкарыстоўвала і да байкоту не заклікала.

Судзьдзя Дзяніс Аляксеенка

«Шкада, што нашая міліцыя столькі часу губляе на збор усёй гэтай інфармацыі, падсоўвае яе ў суды – у той час як у краіне столькі праблемаў! Маючы вялікі жыцьцёвы досьвед, скажу: гэта настолькі непрыгожа, настолькі не адпавядае жыцьцю і ідэям свабоднай дэмакратычнай краіны, што проста горка!» – абурылася Тацяна Севярынец, выслухаўшы доўгі пералік прыкладзеных да справы дакумэнтаў.

Адзначым, што судзьдзя Дзяніс Аляксеенка на самым пачатку працэсу задаволіў хадайніцтва Севярынец аб магчымасьці весьці відэаздымкі. Але на гэтым праявы дэмакратычнага суду і скончыліся. Шчырая прамова Тацяны Севярынец ніяк не паўплывала на канчатковае рашэньне суду: штраф – 30 базавых велічынь (810 рублёў).

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.