Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 02 Чэрвень 2020

За «кармленьне галубоў» суд аштрафаваў віцебскую таксістку Аксану Міхасёнак

Ацаніць гэты матэрыял
(12 галасоў)
Аксана Міхасёнак Аксана Міхасёнак

Толькі зараз стала вядома, што пад рэпрэсіі дзяржавы, накіраваныя супраць прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага, трапіла яшчэ адна віцяблянка – кіроўца таксі Аксана Міхасёнак. 18 траўня суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні – «кармленьні галубоў», і пакараў адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

Справу Аксаны Міхасёнак разглядала судзьдзя Алена Цыганкова. Паводле судовай пастановы, якая ўжо набыла законную моц, 3 траўня Аксана ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні без адпаведнага дазволу мясцовых органаў улады – «з мэтай публічнага выказваньня грамадзка-палітычных інтарэсаў і пратэстаў».

На судзе Аксана Міхасёнак з пратаколам не згадзілася і паведаміла, што ані ў якім пікетаваньні ня ўдзельнічала. Расказала, што прайшла разам зь сябрам літаральна некалькі дзясяткаў мэтраў. На пляцоўцы каля ГЦ «Марка-сіці», дзе людзі кармілі галубоў, дзяўчыны ўжо не было, аб чым сьведчылі міліцэйскія відэаздымкі, якія былі прыкладзеныя да справы ў якасьці доказу вінаватасьці.

Але гэты факт не пераканаў судзьдзю Цыганкову – яна прызнала віцебскую таксістку вінаватай у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34 КаАП) і аштрафавала яе на 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.