Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 02 Чэрвень 2020

У Наваполацку аштрафавалі 4-х актывістаў – за сустрэчу зь Ціханоўскім і «кармленьне галубоў»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
На судзе ў Наваполацку. Фота: racyja.com На судзе ў Наваполацку. Фота: racyja.com

У Наваполацкім судзе 1 чэрвеня разьбіралі шэсьць адміністрацыйных справаў, пачатых супраць чатырох чалавек. Усе яны – удзельнікі сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які рабіў стрым з Наваполацку 29-га красавіка. Двое зь іх яшчэ й «кармілі галубоў» 3-га траўня – прыйшлі на цэнтральную плошчу горада, каб прагуляцца і паразмаўляць пра надзённае са сваімі знаёмымі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Абмеркаваць наяўныя праблемы з тымі, ад каго залежыць іх вырашэньне, не атрымліваецца.

«Я так разумею, што ня ў той мікрафон сказала – не таму чалавеку! Але ж я ня супраць, каб сказаць у мікрафон, які паставіць гарвыканкам. Толькі няма ня тое што мікрафона, а нашы пісьмовыя звароты, як правіла, ігнаруюцца! Мы атрымліваем адпіскі, пустыя адпіскі!» – кажа выкладчыца Алена Гурчонак.

Паводле двух адміністрацыйных пратаколаў, Алену Гурчонак аштрафавалі на 10 базавых велічынь, што складае 270 рублёў.

Такі самы штраф – і за сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім, і за так званае «кармленьне галубоў» прысудзілі Натальлі Карэлінай. «Ня ў той мікрафон» яна казала пра маленькія заробкі і цяпер не ўяўляе, як сплаціць штраф: жанчына працуе майстрам па рамонце, і яе аклад – 219 рублёў.

Аляксандра і Юлію Шэлепень пакаралі «сямейным» штрафам. Муж і жонка за інтэрвію блогеру Ціханоўскаму павінны сплаціць 16 базавых велічынь з агульнасямейнага бюджэту.

«Значыць, мне свайму дзіцяці сказаць, што сёлета ён не паедзе ў летнік, бо я выйшла і прадэманстравала сваю грамадзянскую пазыцыю. Я маю на гэта права ў адпаведнасьці з артыкулам 33 Канстытуцыі! А за гэта мне даюць штраф! Сямейны! 540 рублёў! Віншую, Беларусь! Напэўна, гэта якраз тое, чаго мы чакалі 26 гадоў. Каб за свабоду слова людзі пачыналі плаціць!» – кажа Юлія.

За ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім у Наваполацку, а таксама за так званае «кармленьне галубоў» 7 чалавек былі аштрафаваныя на агульную суму больш як паўтары тысячы рублёў. Наваполацкаму актывісту Андрэю Зуеву за інтэрвію «ня ў той мікрафон» было прысуджана 7 сутак арышту.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.