Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 18 Май 2020

За кармленьне галубоў у Віцебску пакаралі дзяўчыну: 540 рублёў штрафу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Судзьдзя Алена Цыганкова. Фота: belsat.eu (скрын) Судзьдзя Алена Цыганкова. Фота: belsat.eu (скрын)

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 18 траўня разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні віцяблянкі Дар’і К., якую вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП) – кармленьні галубоў 3 траўня. Дзяўчыну прызналі вінаватай і пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

Справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова.

Як расказала «Віцебскай Вясьне» Дар’я (абвінавачаная папрасіла не называць прозьвішча), на судзе ў якасьці доказу яе вінаватасьці паказалі відэа, на якім яна моўчкі стаіць сярод іншых людзей. У нейкі момант да дзяўчыны падышоў хлопец, каб пазнаёміцца, – яны перакінуліся фразамі.

«Ну глядзіце, вы ж размаўлялі!» – ажывілася судзьдзя… Карацей, няма словаў! Я лічу, што на мяне чыніцца ціск», – кажа Дар’я.

Судзьдзя Алена Цыганкова палічыла дзяўчыну вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні і аштрафавала на 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Дар’я прызналася, што была вельмі зьдзіўленая тым, што яе адразу аштрафавалі, а ня вынесьлі папярэджаньне, бо да адміністрацыйнай адказнасьці яна прыцягвалася першы раз у жыцьці.

Паведаміла таксама, што ў дачыненьні да яе міліцыянты склалі яшчэ адзін пратакол за правапарушэньне, прадугледжанае арт. 23.34 КаАП, – гэтым разам за ўдзел у стрыме блогера Ціханоўскага 30 красавіка каля піраміды «Марка-сіці».

Суд адбудзецца 25 траўня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.