Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 25 Кастрычнік 2019

22 удары нажом. Мужчыну асудзілі на 13 гадоў за забойства грамадзяніна Ўкраіны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віцебскі абласны суд вынес на гэтым тыдні прысуд жыхару Віцебскага раёну Віктару Б., які быў абвінавачаны ў забойстве з асаблівай жорсткасьцю грамадзяніна Ўкраіны (п.6 ч.2 арт.139 КК) у ліпені 2019 году. Мужчыну прызналі вінаватым і прысудзілі да 13 гадоў зьняволеньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд быў абвешчаны 23 кастрычніка судзьдзёй Галінай Бондал і пакуль не набыў законную сілу.

На глебе рэўнасьці ці раптоўнай непрыязі?..

Трагедыя здарылася 8 ліпеня 2019 году ў вёсцы Лужасна Віцебскага раёну. 39-гадовы Віктар.Б сустрэўся раніцай з грамадзянінам Украіны Абдулой Аліевым і падчас канфлікту, які ўзьнік паміж імі, нанёс яму 22 удары клінком нажа, палова зь якіх прыпала на вобласьць галавы і шыі. Пацярпелы памёр ад страты крыві на месцы здарэньня.

Забіты 57-гадовы Абдула Аліеў – азэрбайджанец паводле нацыянальнасьці, меў украінскае грамадзянства. Жыў у Беларусі больш за 30 гадоў, займаўся прадпрымальніцтвам - вырабляў мэблю.

Першапачаткова сьледзтва разглядала вэрсію забойства на глебе рэўнасьці. Паводле паказаньняў Віктара.Б, ягоная жонка не начавала дома, зранку патэлефанавала і паведаміла, што знаходзіцца ў доме Аліева, папрасіла прывесьці сына, каб яго пакарміць. Абвінавачаны ўзяў нож і разам з сынам пайшоў да Аліева. Каля дома, ужо за весьніцамі, сустрэўся з гаспадаром, а праз колькі хвілін дастаў з кішэні нож... Што насамрэч адбылося паміж мужчынамі – невядома, бо на судзе абвінавачаны некалькі разоў мяняў паказаньні, а ягоная жонка наогул адмовілася іх даваць.

З абвінавачаньня выключылі ўказаньне на тое, што забойства было ўчыненае праз рэўнасьць. Суд прыйшоў да высновы, што яно адбылося “на глебе раптоўна ўзьніклых непрыязных адносінаў”.

“Нэрвы здалі… Гатовы панесьці пакараньне”

Экспэртыза прызнала Віктара.Б псыхічна здаровым і цалкам прытомным. Ён усьведамляў, што робіць, і не знаходзіўся ў стане афэкту.  

Віктар.Б прызнаў віну часткова. Сьцьвярджаў, што “сьмерці пацярпеламу не жадаў і забойства не плянаваў”. У апошнім слове выказаў спачуваньні сваякам забітага.

“Нэрвы здалі… Гатовы панесьці пакараньне”, – сказаў Віктар.Б.

Суд, прызначаючы пакараньне, улічыў зьмякчальныя абставіны, а менавіта тое, што абвінавачаны чыстасардэчна раскаяўся, прызнаў віну, мае 3-ю групу інваліднасьці, а на ўтрыманьні – непаўнагадовае дзіця. Вырак – 13 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

“Ня маю права патрабаваць сьмяротнай кары, але…”

Між тым, дачка забітага Сусана Аліева лічыць такі прысуд занадта мяккім. “Вы што, хочаце, каб было прызначанае сьмяротнае пакараньне?” – запытала на паседжаньні судзьдзя. Сусана адказала, што ня мае права патрабаваць сьмерці, але “такі зьвер, які б’е 22 разы нажом, мусіць сядзець у турме 25 гадоў”.

“Мой тата быў вельмі моцным чалавекам, ён бы абавязкова абараніўся, каб гэта ўсё адбывалася твар у твар. Але першы ўдар забойца нанёс у сьпіну. Гэта пацьвярджае экспэртыза. І ён ня проста біў – яшчэ пракручваў нажом. 22 ўдары! І за гэта ўсяго 13 гадоў. А там – амністыя. Ён жа небясьпечны для грамадзтва. Я ня згодная!” – абуралася дачка забітага ў размове з карэспандэнтам “Віцебскай Вясны”.

Сусана сьцьвярджае, што сьледзтва было праведзенае павярхоўна. Кажа, што, у прыватнасьці, яно не зьвярнула ніякай увагі на асобаў, зацікаўленых у сьмерці яе бацькі. Расказала, што, як грамадзянін Украіны, ён усю сваю маёмасьць, у тым ліку дом, запісваў на сваякоў і іншых асобаў. Хтосьці зь іх мог быць зацікаўлены ў сьмерці бацькі.

“Ды гэта ж ня ён яго забіў!”

Дачка забітага выказвае сумненьні ў тым, што яе бацьку забіў менавіта Віктар.Б.   

“Мы думаем, што тут замяшаныя грошы і нечы карысьлівы інтарэс. Ды гэта ж ня ён яго забіў! Ці ён кагосьці пакрывае, ці яму папросту заплацілі. Я ня ведаю…” – кажа дачка забітага. Гаворыць, што нейкім чынам уплываць на працэс не магла, бо пацярпелай яе прызналі толькі на судовым паседжаньні, якое папярэднічала прысуду.

Сусана мае намер абскардзіць прысуд у дачыненьні да меркаванага забойцы яе бацькі ў Вярхоўным судзе. Будзе прасіць больш жорсткага пакараньня.

Зьміцер Міраш    

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.