Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 14 Кастрычнік 2019

Надзея Куканос абскардзіла ў судзе ўжытую да яе амністыю. Які вынік?..

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Надзея Куканос Надзея Куканос

У Віцебскім абласным судзе 11 кастрычніка прайшло судовае паседжаньне па прыватнай скарзе віцяблянкі Надзеі Куканос. Яна спрабавала абскардзіць рашэньне Першамайскага суду Віцебску, паводле якога да яе была ўжытая амністыя. Ці атрымалася?..

Надзею Куканос затрымалі ў Віцебску 11 красавіка 2019 году. Чатыры месяцы жанчыну ўтрымлівалі ў віцебскім СІЗА, а на пачатку жніўня вызвалілі з-пад варты ў залі суду Першамайскага раёну Віцебску – па амністыі.

Нягледзячы на тое, што на судзе Куканос дала згоду на прымяненьне амністыі, праз тыдзень яна накіравала ў суд Першамайскага раёну прыватную скаргу, у якой прасіла адмяніць пастанову ад 9 жніўня. Тлумачыла, што згоду на амністыю давала змушана, бо “знаходзілася ў стане моцнага душэўнага хваляваньня і боязі за сваё жыцьцё”. Менавіта гэтая прыватная скарга разглядалася 11 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе.

“Я не хацела вяртацца ў канцлягер”

На паседжаньні ў аблсудзе Надзея Куканос яшчэ раз патлумачыла што была вымушаная пагадзіцца на амністыю толькі таму, што ў СІЗА для яе стварылі цалкам невыносныя ўмовы. Паводле Куканос, яе пастаянна зьбівалі, нацкоўвалі на яе сабак, зламалі акуляры, без якіх не магла чытаць.

“Асьвенцым – гэта ж дзіцячы садок у параўнаньні зь віцебскім СІЗА”, – эмацыйна заявіла ў судзе жанчына.

Яна зьвярнула ўвагу судовай калегіі на хадайніцтва, якое заяўляла яшчэ ў Першамайскім судзе, калі прасіла зьмяніць ёй меру стрыманьня з арышту на падпіску аб нявыезьдзе. Але судзьдзя Тацяна Родзіна хадайніцтва адхіліла, хоць добра разумела, што ў дачыненьні да Куканос усё адно будзе ўжытая амністыя.

“Я не хацела вяртацца ў канцлягер”, – казала ў абласным судзе Надзея Куканос. Па словах віцяблянкі, калі б ня ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА – на мяжы жыцьця і сьмерці, – дык яна б ніколі не пагадзілася б, каб яе вызвалілі ў залі суду па амністыі. Падкрэсьліла, што лічыць сябе цалкам невінаватай, а ўсе тры справы, заведзеныя на яе, сфабрыкаванымі сьледчым камітэтам.

У прыватнай скарзе Куканос прасіла адмяніць рашэньне Першамайскага суду аб ужываньні да яе амністыі і накіраваць справу на новы разгляд.

Выслухаўшы довады Куанос, судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду пад старшынёўствам Аляксандра Абашына (судзьдзі Ларыса Сініцына і Галіна Бондал) пастанавіла адмовіць жанчыне ў прыватнай скарзе.

“Суд амніставаў мяне, абы не разглядаць крымінальныя справы”

“Усе справы супраць мяне былі сфабрыкаваныя настолькі бяздарна і недарэчна, што, патрапіўшы ў суд, яны выклікалі жах у судовага корпусу Першамайскага суду. І, натуральна, суд пасьпяшаўся ўжыць да мяне акт амністыі, каб не разглядаць крымінальныя справы, па якіх мусіў быць пастаўлены толькі апраўдальны прысуд, і нічога іншага”, – заявіла пасьля суду Надзея Куканос.

Жанчына плянуе абскардзіць рашэньне Віцебскага абласнога суду ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.