Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 23 Жнівень 2019

Абвешчаны яшчэ адзін вырак па крымінальнай справе за паклёп на пракурора

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

У Віцебску 22 жніўня суд Бешанковіцкага раёну на выязным паседжаньні прызнаў вінаватым віцябляніна Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда у паклёпе на пракурора Юрыя Раманоўскага (ч.2 арт.188 КК РБ) і пакараў яго трыма гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня (“хатняя хімія”).

Судовы працэс над Кірылавым-Шмільхольдхардам праходзіў у закрытым рэжыме. Справу віцябляніна разглядала судзьдзя суду Бешанковіцкага раёну Натальля Рэут. Як інвалід ІІ групы, Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард разьлічваў на тое, што ў дачыненьні да яго будзе ўжытая амністыя, але яе не прымянілі.

22 жніўня суд Бешанковіцкага раёну прысудзіў мужчыну да трох гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд не набыў законную сілу. Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард зьбіраецца абскарджваць вырак у апэляцыйным парадку ў Віцебскім абласным судзе.

Нагадаем, што на двух віцяблянаў – Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда, была заведзеная спачатку адна крымінальная справа, але на закрытым судовым працэсе, які пачаўся ў красавіку 2019 году, справа Кірылава-Шмільхольдхарда была выведзеная ў асобнае справаводзтва.

Мужчын абвінавачвалі  ў распаўсюдзе заведама ілжывых выдумак, якія зьняважылі пракурора гораду Віцебску Юрыя Раманоўскага. 21 траўня зачыталі вырак (судзьдзя Натальля Рошчына) віцебскаму псыхіятру Ігару Пастнову: яму далі тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Абласны суд не задаволіў апэляцыйную скаргу Пастнова на прысуд.

Зьміцер Міраш