Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 14 Верасень 2018

Віцебчука асудзілі за відэаролікі ў сацыяльнай сетцы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пётар Трублінскі Пётар Трублінскі Фота: https://vitebskspring.org

13 верасьня Віцебскі абласны суд прызнаў жыхара Віцебску Пятра Трублінскага вінаватым у распальваньні нацыянальнай варожасьці. За разьмяшчэньне ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» відэаролікаў нібыта экстрэмісцкага характару судзьдзя Людміла Ларына вынесла рашэньне пакараць яго двума гадамі зьняволеньня з адтэрміноўкай на адзін год.

Калі на працягу гэтага тэрміну асуджаны зьдзейсьніць якое-небудзь правапарушэньне, то яму давядзецца адбываць рэальны тэрмін.

Акрамя гэтага, Пётар Трублінскі павінен выплаціць крымінальна-прававую кампэнсацыю ў памеры 50 базавых велічынь (1125 рублёў) і 25,50 рублёў за паслугі адваката. Гэтыя грошы хлопец павінен, паводле рашэньня суду, унесьці цягам ня больш як 6-ці месяцаў пасьля набыцьця прысудам законнай моцы.

Рэчавыя доказы зь відэазапісамі па справе павінны быць зьнішчаныя.

На працягу 10 дзён рашэньне можа быць абскарджанае ў Вярхоўным судзе. Але, паводле словаў Пятра, ён, найхутчэй, ня будзе абскарджваць рашэньне абласнога суду.

Слуханьні па гэтай крымінальнай справе паводле артыкулу 130, частцы 1 Крымінальнага кодэксу супраць 28-гадовага супрацоўніка «Віцебскхлебпраму» распачаліся ў абласным судзе 3 верасьня. Нагодай сталі відэаролікі з Гітлерам, якія Пётар спампаваў ва "УКантакце", захаваў у тэчку на сваёй старонцы ды пакінуў у вольным доступе.

На просьбу боку абвінавачаньня, каб папярэдзіць распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу, працэс быў зроблены закрытым.

Пётар Трублінскі раней быў ужо пакараны за гэтыя ролікі, але ў межах адміністрацыйнай справы. 20 ліпеня Першамайскі райсуд Віцебску паводле артыкулу 17.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць) прысудзіў яму штраф у памеры 15 базавых велічынь (367,5 рублёў). Штраф ён ужо выплаціў.

Адвакат параіў маладому чалавеку абскардзіць тое рашэньне суду Першамайскага раёну. Бо шанцы дамагчыся адмены штрафу ў 15 базавых велічынь высокія, паколькі рашэньне абласнога суду па крымінальнай справе ёсьць больш суворым. Пётар адказаў, што будзе думаць, як дзейнічаць.

Уладзімер Бяляўскі