Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 23 Люты 2018

Белсуд супраць “Белсату”. Віцяблян аштрафавалі амаль на 1200 рублёў за здымкі ў Воршы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віталь Скрыль і Ўладзімер Лунёў у судзе Віталь Скрыль і Ўладзімер Лунёў у судзе

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў віцяблян Віталя Скрыля і Ўладзімера Лунёва штрафамі ў памеры 24 базавых велічынь, прызнаўшы іх вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (частка 2 арт. 22.9 КаАП РБ).

Адміністрацыйную справу ў дачыненьні да жыхароў Віцебску распачаў Аршанскі РАУС. Паводле пратаколу, Скрыль і Лунёў, ня маючы акрэдытацыі ў якасьці журналістаў замежнага СМІ, нібыта бралі 17 студзеня ў жыхароў Воршы інтэрвію, фрагмэнты якога потым зьявіліся на тэлеканале “Белсат” у сюжэце “За што ў Воршы так ня любяць Лукашэнку?”.

Справу ў Кастрычніцкім судзе Віцебску разглядаў судзьдзя Ільля Белавус.

Месца правапарушэньня – аддзел міліцыі…

Віталь Скрыль і Ўладзімер Лунёў не прызналі сябе вінаватымі. Яшчэ на першым паседжаньні Віталь Скрыль зьвярнуў увагу суду на шматлікія памылкі і парушэньні ў пратаколе. Напрыклад, хлопцаў вінавацілі толькі ў вырабе прадукцыі СМІ, хаця артыкул 22.9 у частцы 2 прадугледжвае пакараньне за “выраб і распаўсюд”. Прычым, паводле пратаколу, парушэньне было зьдзейсьненае наўпрост у будынку райаддзелу аршанскай міліцыі.

“Абвінавачваньні грунтуюцца толькі на здагадках і суб’ектыўных меркаваньнях. Я прадукцыі СМІ не вырабляў, з тэлеканалам “Белсат” не супрацоўнічаў, наогул не зьяўляюся журналістам, і да мяне як да фізычнай асобы нельга прымяняць арт. 22.9”, – заявіў Скрыль. Гэткай жа пазыцыі прытрымліваўся і Уладзімер Лунёў.

Віталь Скрыль у Кастрычніцкім судзе Віцебску

Як апынулася, у дачыненьні маладых людзей, што размаўлялі зь мінакамі на плошчы Леніна ў Воршы, мясцовае РАУС разгарнула сапраўдную спэцапэрацыю, у якой былі задзейнічаныя дзясяткі, калі ня сотні, супрацоўнікаў.

Як сьведчыла на першым судовым паседжаньні супрацоўніца Аршанскага РАУС Лілія Трушко, яна натрапіла на сюжэт “Белсату” толькі 25 студзеня падчас маніторынгу інтэрнэту.

Трушко распавяла, што, пабачыўшы сюжэт, узгадала, што 17 студзеня на плошчы Леніна ў Воршы праводзілася апэратыўная відэафіксацыя. Каб высьветліць асобы тых, хто здымаў і даваў інтэрвію, відэаматэрыялы разаслала па ўсіх падразьдзяленьнях РАУС. Сьцьвердзіла, што зьвесткі аб віцяблянах атрымала з ДАІ. Як потым высьветлілася, супрацоўнікі ДАІ ў той самы дзень спынялі аўтамабіль Лунёва на выезьдзе з Воршы.

Маёр міліцыі Трушко не магла выразна адказаць, чаму вырашыла скласьці пратакол, не магла прыпомніць, як дакладна гучыць 2-я частка артыкулу 22.9 КаАП, заявіла, што ня ведае Закону аб СМІ.

Відэафіксацыя ў якасьці доказу

Асноўным доказам зьдзяйсьненьня віцяблянамі адміністрацыйнага правапарушэньня быў запіс відэафіксацыі, які дэманстравалі ўсім сьведкам. У тым ліку – траім жыхарам Воршы, якія трапілі ў відэасюжэт “Белсату” і таксама былі ідэнтыфікаваныя і выкліканыя ў суд. Толькі адзін зь іх з пэўнасьцю заявіў, што пазнае тых людзей, якія размаўлялі зь ім у Воршы. Ніхто не адказаў, як былі апранутыя іх суразмоўцы, але ўзгадалі, што журналістамі сябе не называлі.   

Як заявіў падчас першага паседжаньня Віталь Скрыль, ён і сам ня здолеў бы апазнаць самога сябе на гэтых здымках, калі б сапраўды фігураваў на іх. Бо здымкі вяліся здалёк, бяз гуку і часьцей са сьпіны. А тыя, хто апытваў аршанцаў, працавалі ў капюшонах.

Дарэчы, у якасьці сьведкі на судзе выступіў і супрацоўнік міліцыі, які ажыцьцяўляў у той дзень апэратыўныя відэаздымкі. “Чаму вы так упэўненыя, што гэта ня вашыя здымкі трапілі ў відэасюжэт?” – запытаўся ў яго Віталь Скрыль, але адказу не атрымаў. Судом былі таксама апытаныя начальнік аддзяленьня аршанскай ДАІ і інспэктар, які спыняў аўто віцяблян.

Скрыль: Мы карысталіся канстытуцыйным правам     

Напрыканцы другога паседжаньня, якое адбылося 22 лютага, Віталь Скрыль зноў спрабаваў запэўніць, што прысутнічае ў судзе ў якасьці фізычнай асобы, а адказнасьць за парушэньні закона аб СМІ нясе сродак масавай інфармацыі, то бок юрыдычная асоба. 

Віталь Скрыль і Ўладзімер Лунёў

“Увесь гэты час у судзе даказвалася толькі тое, што мы 17 студзеня былі ў Воршы і спрабавалі атрымаць інфармацыю ад жыхароў гораду. То бок увесь гэты час даказвалася тое, што мы знаходзіліся ў Воршы законна і дзейнічалі ў адпаведнасьці з Законам, карыстаючыся сваімі канстытуцыйнымі правамі на атрыманьне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі. І ў тым, што на нас быў складзены пратакол, я бачу спробу абмежаваць нас у канстытуцыйных правах”, - заявіў Скрыль.

Нягледзячы на гэтыя аргумэнты, а таксама на тое, што суд атрымаў афіцыйны ліст з рэдакцыі тэлеканалу “Белсат”, у якім сьцьвярджаецца, што ні Скрыль, ні Лунёў не зьвязаны з тэлеканалам працоўнымі адносінамі, судзьдзя Ільля Белавус вынес рашэньне пакараць Віталя Скрыля штрафам у памеры 24 базавых велічынь (588 рублёў). Такое ж пакараньне атрымаў і Уладзімер Лунёў.

Віцябляне зьбіраюцца абскардзіць рашэньне Кастрычніцкага суду.

Павал Левінаў: Справа мела палітычны характар

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што справа мела выразна палітычны, заказны характар.

“Сьведчаньнем таму ня толькі сама пастанова суду, у якой адсутнічаюць доказы віны. Іх і быць не магло, бо самой віны таксама няма. Нават калі ўявіць сабе, што хлопцы насамрэч рабілі тое, у чым іх абвінавацілі, дык атрымліваецца, што яны проста рэалізоўвалі сваё права на атрыманьне інфармацыі, гарантаванае арт. 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І падвяргаць людзей адміністрацыйнай адказнасьці за рэалізацыю гэтага права – гэта ўвогуле нонсэнс!” – мяркуе Левінаў.

Заўважае таксама, што ў судовай залі ўвесь час прысутнічалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў у цывільнай вопратцы, некалькі чалавек “дзяжурылі” ў калідоры.

“Было зразумела, што гэтая справа для іх не звычайная і знаходзіцца пад пільным кантролем. І, адпаведна, была вынесеная такая пастанова, якая неабходная ўладзе, каб задушыць любую праяву свабоды слова”, - дадаў праваабаронца.

Зьміцер Міраш, фота аўтара