Друкаваць гэтую старонку
Серада, 14 Люты 2018

“Гэта быў падвойны прысуд”. Пётар Іваноў абскарджвае рашэньне Кастрычніцкага суду Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пётар Іваноў Пётар Іваноў

Віцебскі актывіст Пётар Іваноў накіраваў у абласны суд касацыйную скаргу на рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, які 26 студзеня пакараў яго штрафам у памеры 85 базавых велічынь. Просіць адмяніць “заведама злачынны прысуд” і скасаваць крымінальную справу.

Нагадаем, суд прызнаў Іванова вінаватым у зьдзяйсьненьні гвалту ў дачыненьні да службовай асобы падчас выкананьня той службовых абавязкаў (ч.1 арт. 366 КК РБ).

У якасьці пацярпелай па справе выступала судовая выканаўца суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, якую Іваноў нібыта выгнаў са свайго дому, прычыніўшы ёй пры гэтым цялесныя пашкоджаньні (сіняк на руцэ). У якасьці меры стрыманьня ў дачыненьні да Іванова выкарысталі ўтрыманьне пад вартай. Пётар Іваноў правёў у віцебскім СІЗА больш за 100 дзён. Падчас судовых паседжаньняў ён не аднойчы заяўляў пра тое, што ў СІЗА яго зьбівалі і катавалі.

“Ні ў якім разе з прысудам ня згодны”

У апэляцыйный скарзе Пётар Іваноў сьцьвярджае, што судзьдзя Стэфаноўскі вынес яму “фактычна двайны прысуд” – штраф і арышт на 108 дзён.

 

Пётар Іваноў (у цэнтры) адразу пасьля суду 26 студзеня 2018 году

“Ні ў якім разе з прысудам ня згодны, ён ня будзе мною дабравольна выкананы. Гарантую, што мэты крымінальнай адказнасьці ў дачыненьні да мяне, абвешчаныя ў заведама злачынным прысудзе, ня будуць дасягнутыя”, – гаворыцца ў скарзе.

“Крымінальная справа была цалкам сфабрыкаваная”

Іваноў запэўнівае, што галоўнай прычынай крымінальнага перасьледу супраць яго была насамрэч ягоная грамадзка-палітычная дзейнасьць у якасьці старшыні Генэральнага савету па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “За сумленную ўладу”, а таксама праваабарончая дзейнасьць. Сьцьвярджае, што крымінальная справа была цалкам сфабрыкаваная.

Што да інцыдэнту з судовай выканаўцай Прыгажаевай, піша, што ад пачатку і да самага канца праяўляў ветлівасьць і карэктнасьць, нягледзячы на правакацыйныя дзеяньні прадстаўніка ўлады. “Аб усім гэтым прадузяты суд атрымаў неабходныя і праўдзівыя доказы, але іх злачынна праігнараваў у зададзеным судовым рашэньні”.

“Разгляд крымінальнай справы быў фармальным”

Паводле Іванова, сьледчыя, пракуроры і суд не ўзялі на ўвагу пэўныя факты – аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага заведама нявіннага, аб фальсыфікацыі доказаў міліцыянтамі і сьледчымі, аб заведама незаконным абвяшчэньні ў вышук, затрыманьні, заключэньні пад варту і аб сыстэматычных катаваньнях і зьдзеках у СІЗА-2.     

“Разгляд крымінальнай справы судом быў выключна фармальным. Абвінаваўчы прысуд быў вынесены задоўга да судовага разбору і быў дакладна вядомы мне ды іншым асобам, у прыватнасьці, начальніку Кастрычніцкага РАУС Віцебску палкоўніку міліцыі Стэльмаху С.В.”, – сьцьвярджае Іваноў.

“У ходзе перасьледу мяне паводле крымінальнай справы былі відавочна парушаныя прынятыя Рэспублікай Беларусь абавязкі, прадугледжаныя артыкуламі 7, 9, 10, 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”, – гаворыцца ў касацыйнай скарзе Іванова.

Просіць адмяніць прысуд і скасаваць справу

Пётар Іваноў у чарговы раз заявіў (да гэтага настойваў у судзе), што адваката, які ўдзельнічаў у працэсе, ня лічыць сваім абаронцам і не дазваляе яму зьдзяйсьняць ніякіх юрыдычна-значных дзеяньняў.

На падставе вышэй сказанага Іваноў просіць адмяніць “заведама злачынны прысуд” суду Кастрычніцкага раёну Віцебску і скасаваць крымінальную справу.

Зьміцер Міраш