Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 05 Красавік 2013

Віцебскі абласны суд адхіліў скаргу мясцовага лідэра партыі БНФ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Аўтухоў Леанід Аўтухоў

У Віцебскім абласным судзе 5 красавіка адбыўся разгляд скаргі актывіста партыі БНФ Леаніда Аўтухова на рашэньне судзьдзі Кастрычніцкага суду Віцебску Іны Грабоўскай аб пакараньні яго пяцьцю суткамі арышту. Як звычайна, разгляд скаргаў дэмакратычных актывістаў даручылі судзьдзю Віцебскага абласнога суду Ірыне Смаляковай. Гэтая служачая вядомая тым, што яшчэ ні разу ня вынесла рашэньня на карысьць актыўных грамадзян паводле іх шматлікіх скаргаў.

На пачатку разгляду скаргі Леанід Аўтухоў заявіў хадайніцтва аб вядзеньні працэсу на дзяржаўнай беларускай мове. Ірына Смалякова пачала яго распытваць пра мову навучаньня ў школе, а потым мову вывучэньня геаграфіі у Гарадоцкім сельгастэхнікуме і адмовіла ў вядзеньні паседжаньня на дзяржаўнай мове. Служка Фэміды, якая ведае патрэбныя ёй нормы заканадаўства, чамусьці ня ведае нормы заканадаўства аб мовах, якія абавязваюць яе ведаць дзяржаўную беларускую мову і карыстацца ёй пры выкананьні службовых абавязкаў. Мусіць, разгляд скаргі актывіста партыі БНФ супрацоўніца абласнога суду ня лічыць службовым абавязкам?

Пасьля незадавальненьня хадайніцтва аб вядзеньні разгляду на беларускай мове Леанід Аўтухоў заявіў адвод судзьдзю за ігнараваньне беларускай мовы. Але Смалякова не задаволіла гэтае хадайніцтва. Падчас паседжаньня Аўтухоў распавёў пра тое, што іх незаконна ўтрымлівалі ў пастарунку больш за 48 гадзін, пра тое што Іна Грабоўская ігнаравала іх хадайніцтвы, разглядаючы справу, пра тое, што кіраўніцтва Чыгуначнага райвыканкаму, якое несваечасова разгледзела іх заяўку, парушыла заканадаўства, і г.д. Дарэчы, калі прысутны на паседжаньні Кастусь Смолікаў не стрымаўся і выказаўся: “Гэта чыноўнікі перш парушылі закон!”, то Смалякова яго адразу выдаліла з залі.

Але Ірына Смалякова, выслухаўшы аргумэнты пацярпелага Аўтухова, вынесла кароткае рэзюмэ: рашэньне суду першай інстанцыі пакінуць у сіле. Абгрунтаваньне гэтага рашэньня на карысьць Кастрычніцкай міліцыі і суду Віцебску будзе падрыхтаванае на працягу трох дзён і дасланае Аўтухову. Абураны старшыня віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ - якому, дарэчы, кепска стала пры арышце, і выклікалася “Хуткая дапамога”, а пасьля ён захварэў на ангіну - мае намер абскардзіць такое рашэньне ў Вярхоўным судзе краіны. Пры неабходнасьці Леанід Аўтухоў дойдзе і да Камітэту ААН па правох чалавека.

Гарадок.інфо