Друкаваць гэтую старонку
Серада, 05 Чэрвень 2013

Віцебскі аблсуд падтрымаў звальненьне актывіста СПБ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Стукаў Віктар Стукаў

Судзьдзі пакінулі без задавальненьня касацыйную скаргу старшыні суполкі незалежнага прафсаюзу Віктара Стукава. Той спрабаваў абскардзіць пастанову Полацкага гарадзкога суду, які пацьвердзіў слушнасьць звальненьня актывіста з прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно”. На паседжаньні, якое прайшло 3 чэрвеня, судовая калегія вырашыла, што Полацкі гарсуд вынес справядлівую пастанову пра законнасьць звальненьня кіраўніка пяршоўкі СПБ.

У абласным судзе Віктар Стукаў даводзіў, што полацкая судзьдзя Ірына Даротка не ўлічыла ніводнага аргумэнту на ягоную карысьць. Не зьвярнула ўвагі на тое, што прафсаюз не даваў згоды на яго звальненьне. Не ўлічыла і вынікі экспэртызы сродкаў бясьпекі працы, прызнаных шкоднымі для работнікаў. Абласны суд таксама не прыняў гэты аргумэнт, гаворыць Віктар Стукаў:

“Мяне звольнілі за парушэньні патрабаваньняў рэжыму і аховы працы. У прыватнасьці, аднойчы заўважылі адсутнасьць акуляраў, у якіх трэба працаваць. Гэтыя акуляры ніхто ня хоча насіць, бо яны нязручныя і болей шкодзяць, чымся дапамагаюць. За ўласны кошт я замовіў экспэртызу, якая пацьвердзіла: ад акуляраў ня толькі няма карысьці, але хутчэй наадварот… Полацкі гарадзкі суд вырашыў, што паколькі іх загадана насіць, то і адмова ад гэтага кваліфікуецца як парушэньне. Абласны суд таксама пагадзіўся. Адпаведна, абодва суды “легалізавалі” рашэньне адміністрацыі “Шкловалакна”, якая патрабуе, каб работнікі карысталіся непрыдатнымі для аховы здароўя сродкамі”.

Віктар Стукаў перакананы, што ягонае звальненьне з прадпрыемства зьвязанае з узмацьненьнем даверу да СПБ – і на “Полацак-Шкловалакне”, і на іншых полацкіх прадпрыемствах. І ў гэтым суды падтрымалі пазыцыю адміністрацыі. Несправядлівую, на думку актывіста: “Я лічу, што парушанае і маё права на працу, і права на свабоду аб’яднаньняў. Бо я кіраўнік суполкі СПБ, і маё звальненьне – гэта перадусім спроба запалохаць маіх аднадумцаў”.

Прафсаюзны актывіст плянуе зьвярнуцца ў Вярхоўны суд. Але нават у тым выпадку, калі аднавіцца на працы з дапамогай судовых структур у яго не атрымаецца, Віктар Стукаў вырашыў працягваць сваю дзейнасьць у СПБ. Бараніць правы працоўных ён будзе ў якасьці “вызваленага” кіраўніка прафсаюзнай суполкі на “Полацак-Шкловалакне”.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”