Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 01 Снежань 2013

У Віцебску працягваецца цкаваньне лідэра незарэгістраванай палітычнай партыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Рыжоў Сяргей Рыжоў

2 сьнежня кіраўнік незарэгістраванай партыі «Белая Русь» Сяргей Рыжоў быў прысуджаны да штрафу ў 10 базавых велічынь (1 мільён 300 тысяч рублёў) нібыта за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня. Здаецца, аднак, наперадзе палітыка чакаюць новыя нягоды: неўзабаве Рыжоў, магчыма, будзе падвергнуты яшчэ аднаму штрафу за іншае адміністрацыйнае правапарушэньне. А таксама яму пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да 2-х гадоў паводле артыкулу крымінальнага кодэксу.

Але пра ўсё па парадку…

Як раней паведамлялася ў мэдыях, 16 лістапада Сяргей Рыжоў быў зьбіты супрацоўнікамі мэдвыцьвярэзьніку, куды ён быў дастаўлены міліцыянтамі. Праз два дні ён «зьняў пабоі» і зьвярнуўся ў сьледчы камітэт, каб былі распачатыя сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да тых, хто нанёс яму фізычныя пашкоджаньні.

Тым часам адміністрацыйныя справы завялі супраць самога Рыжова. Адна з такіх справаў была разгледжаная цяпер у судзе Першамайскага раёну Віцебску. Судзьдзя Натальля Карабліна вырашыла, што партыйны лідэр парушыў артыкул 17.3 адміністрацыйнага кодэксу.

Прычым у матэрыялах справы ў судзе згадвалася заява, падпісаная Рыжовым, згодна зь якой ён быццам бы згодзен на правядзеньне судовага разбору безь яго ўдзелу. Паводле слоў Рыжова, ім быў падпісаны чысты аркуш паперы – яшчэ ў выцьвярэзьніку, а ўсё астатняе запаўнялася пазьней не ягонай рукой.

«Апроч таго, дзіўным чынам празоўцы з мэдвыцьвярэзьніку “ўручылі” мне аж 16 лістапада павестку ў суд з датай і месцам разгляду справы, – распавёў Сяргей Рыжоў. – Якім чынам яны ведалі 16.11, што справа будзе разглядацца 2.12 а 10:00, – судзьдзя не патлумачыла».

Разгляд другой адміністрацыйнай справы, мабыць, адбудзецца ў судзе ў хуткім часе: цяпер у Першамайскім РАУС вывучаюцца матэрыялы пра непадпарадкаваньне Рыжова супрацоўнікам выцьвярэзьніка і іх зьнявагу. Справа знаходзіцца на праверцы ў маёра Вячаслава Ермаковіча. Потым, хутчэй за ўсё, справа таксама будзе перададзеная ў суд, і палітыка зноў аштрафуюць.

Але ўсё гэтыя адміністрацыйныя справы зьяўляюцца «кветачкамі» – у параўнаньні з тымі «ягадкамі», што, магчыма, чакаюць палітыка наперадзе: 3 сьнежня Сяргей Рыжоў мусіць зьявіцца ў пракуратуру на «гутарку» пра яго дзейнасьць ад «імя незарэгістраванай арганізацыі».

Справа ў тым, што апошнім часам Сяргей Рыжоў разьмясьціў на розных пляцоўках у інтэрнэце шмат матэрыялаў пра бягучыя падзеі ў Беларусі, а таксама выказваў падтрымку леташняй дэманстрацыі супраць Пуціна ў Маскве ды ўдзельнікам цяперашняга «Майдану» ў Кіеве. Таксама Рыжоў заявіў у сваіх артыкулах, зьмешчаных у інтэрнэце, пра тое, што яго партыя зьбіраецца зладзіць у Віцебску акцыю ў гадавіну разгону Плошчы 19 сьнежня 2010 г.

У сваіх публікацыях у глябальным сеціве Рыжоў адзначае, што партыя «Белая Русь», якую ён прадстаўляе, зьяўляецца незарэгістраванай. Цяпер наконт гэтага зь ім будзе «гутарыць» пракурор Зайцаў. Нагадаем, у Беларусі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай палітычнай партыі, грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі або фонду прадугледжаная крымінальная адказнасьць згодна з артыкулам 193-1 крымінальнага кодэксу…