Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 15 Красавік 2014

Алена Каваленка пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Каваленка Алена Каваленка

Гэткае пакараньне прысудзілі віцебскай актывістцы за пікет супраць удзелу ва ўжо мінулых мясцовых выбарах, які адбыўся 22 сакавіка ў Віцебску. Працэс у Першамайскім райсудзе працягваўся менш за паўгадзіны.

Паводле прысутнага на судзе праваабаронцы Паўла Левінава, Алена Каваленка адмовілася даваць нейкія тлумачэньні: «Алена сказала толькі, што падчас пікету выражала сваю грамадзянскую пазыцыю. І такім чынам рэалізоўвала сваё канстытуцыйнае права на публічнае выказваньне сваіх меркаваньняў. Менавіта таму яна лічыць, што прасіць дазволу ўладаў на падобныя дзеяньні ня мае сэнсу. Аднак судзьдзя гэткіх аргумэнтаў не прыняла і абвясьціла пастанову: аштрафаваць Алену Каваленка за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі на 20 базавых велічынь, што складае 3 мільёны рублёў».

Судзіла Алену Каваленка тая самая судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна, якая даўней пакарала другога ўдзельніка той самай акцыі, сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава. Спадар Дзяржаўцаў атрымаў у якасьці пакараньня 7 сутак арышту, бо быў прызнаны арганізатарам акцыі, да таго ж, паводле міліцэйскіх зьвестак, ён зьдзейсьніў ужо другое правапарушэньне на працягу гэтага году.

22 сакавіка Ян Дзяржаўцаў з Аленай Каваленкай выйшлі да СШ № 46 з плякатам «Байкот выбарчаму фарсу». А потым Ян Дзяржаўцаў дэманстратыўна парваў запрашэньні на выбары, бо лічыць, што ў Беларусі няма свабоднага волевыяўленьня грамадзянаў. Сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка, муж Алены Каваленкі, зьняў акцыю на відэа і выклаў у інтэрнэт.

Радыё Свабода