Як паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро, дамагаюцца атрыманьня інфармацыі пра апублікаваньне ў Беларусі рашэньня камітэту ААН наконт іх справы. 13 чэрвеня Любоў Кавалёва і Тацьцяна Козяр накіравалі на імя кіраўніка МЗС Уладзімера Макея заяву, у якой просяць паведаміць зьвесткі пра тое, якім кампэтэнтным дзяржворганам і ў якім беларускім друкаваным выданьні апублікаванае рашэньне камітэту.

Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме пасьля выбуху ў менскім мэтро, хоча ведаць падрабязнасьці пра апошнія хвіліны сына, якога лічыць неправасудна пакараным сьмерцю. Яна спрабуе высьветліць, якая структура выканала сьмяротны прысуд, вынесены Вярхоўным судом у дачыненьні да яе сына.

13 сакавіка ў Менску на прэс-канфэрэнцыі, прымеркаванай да гадавіны растрэлу Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, маці пакаранага за суўдзел у тэрарызьме Ўладзіслава Кавалёва і праваабаронцы распачынаюць сэрыю дзеяньняў з мэтай дамагчыся ад уладаў інфармацыі пра месца яго пахаваньня і выдачы цела. Апошняе спатканьне Любові Кавалёвай з асуджаным на пакараньне сьмерцю сынам адбылася ў сьледчым ізалятары (СІЗА) КДБ 11 сакавіка 2012 году. Маці пакаранага і праваабаронцы лічаць, што Ўладзіслаў быў пакараны ў пэрыяд з 12 па 15 сакавіка. Дакладнай інфармацыі няма.