Друкаваць гэтую старонку
Серада, 29 Май 2019

Павал Левінаў просіць не выносіць сьмяротны прысуд абвінавачанаму ў забойстве дзьвюх жанчын

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуўся да ўсіх судзьдзяў судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду з просьбай не караць сьмерцю падазраванага ў забойстве дзьвюх жанчын у вёсцы Прысушына Віцебскага раёну. Зварот да судзьдзяў Левінаў напісаў пасьля таго, як даведаўся што справа меркаванага забойцы ўжо паступіла на разгляд у аблсуд.

50-гадовага Віктара Паўлава абвінавачваюць у забойстве з асаблівай лютасьцю (ч.2 арт.139 КК) і разбоі з прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў (ч.3 арт.207 КК).

Паводле вэрсіі сьледзтва, вясковец прабраўся ў дом сясьцёр-пэнсіянэрак, якім раней дапамагаў па гаспадарцы, і нанёс ім шматлікія ўдары паленам. Пасьля гэтага забраў грошы бабуляў і зьнік. Сьледчы камітэт паведамляў, што мужчына часткова прызнаў віну ў зьдзяйсьненьні злачынства. Раней ён ужо быў асуджаны за забойства з асаблівай лютасьцю. Мужчыне пагражае расстрэл.

“Сьмяротнае пакараньне расцэньваю як парушэньне права на жыцьцё”

У звароце да судзьдзяў судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду Павал Левінаў сьцьвярджае, што колькасьць прыхільнікаў адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі пастаянна павялічваецца, хоць “большасьць пакуль хоча захаваць гэты від пакараньня”. Але запэўнівае, што выкананьне правоў чалавека не павінна залежыць ад настрояў у грамадзтве. 

“Выступаю за справядлівае і абгрунтаванае пакараньне для злачынцы, якое служыць мэтам правасудзьдзя і вартае грамадзтва, дзе права на жыцьцё ёсьць  абсалютнай каштоўнасьцю. Сьмяротнае пакараньне расцэньваю як парушэньне права на жыцьцё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Цьвёрда перакананы, што нішто ня можа апраўдаць наўмыснае і бязьлітаснае пазбаўленьне чалавека жыцьця ад імя дзяржавы”, – выказвае сваю пазыцыю Левінаў.

Піша, што да нядаўняга часу меркаваў, што судзьдзі судовай калегіі па крымінальных справах цьвёрда датрымліваюцца права на жыцьцё. Але, напрыклад, 6 кастрычніка 2017 году ўжо набыў сілу сьмяротны прысуд Віцебскага абласнога суду.

 

“У цяперашні час у Віцебскі абласны суд паступіла на разгляд крымінальная справы ў дачыненьні да грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Віктара Паўлава, па выніках разгляду якой можа быць вынесены сьмяротны прысуд”, – піша праваабаронца і просіць калегію адмовіцца ад яго вынясеньня. 

“Памятайце, што сьмяротны вырак легалізуе інстытут легальных забойцаў, якія зьдзяйсьняюць наўмыснае забойства”, – папярэджвае судзьдзяў Левінаў.

У дадатак да звароту праваабаронца перадаў судзьдзям 48-старонкавую брашуру “Несьмяротная кара. Таму што мы людзі”.

Калі пачнецца разгляд справы Віктара Паўлава ў Віцебскім абласным судзе, пакуль невядома.

Летась Павал Левінаў ужо зьвяртаўся да віцебскіх судзьдзяў з просьбай прыпыніць вынясеньне сьмяротных прысудаў.

На сёньня 140 са 192 дзяржаваў сьвету ўжо адмянілі сьмяротнае пакараньне заканадаўча альбо не прымяняюць яе на практыцы. Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, у якой штогод прымяняецца у дачыненьні да сваіх грамадзянаў сьмяротнае пакараньне – згодна з выракамі судоў, якія выносяцца ад імя Рэспублікі Беларусь.

Зьміцер Міраш