Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Кастрычнік 2018

Павал Левінаў прасіў судзьдзяў не выносіць сьмяротных прысудаў і вось што атрымаў у адказ

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Праваабаронца Павал Левінаў Праваабаронца Павал Левінаў

Напярэдадні Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня праваабаронца Павал Левінаў накіраваў быў ліст да судзьдзяў судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуду – прасіў прыпыніць вынясеньне сьмяротных прысудаў і зьмяніць яго іншымі відамі пакараньня. Судзьдзі адрэагавалі на просьбу вельмі дзіўна…

У адказе на ліст першы намесьнік старшыні Віцебскага абласнога суду Анатоль Фаменка апэлюе артыкуламі Канстытуцыі РБ і Кодэксу аб судоўніцтве і статусе судзьдзяў, згодна зь якімі “судзьдзі пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя – незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону”.

“Просьбы, выказаныя ў звароце, не заснаваныя на палажэньнях названых прававых нормаў, таму задавальненьню не падлягаюць”, – адказаў Левінаву судзьдзя.

Левінаў – пра Фаму, Фаменка – пра Ярому…

“Для мяне гэты адказ зусім няўцямны. Таму што я пісаў пра Фаму, а Фаменка мне – пра Ярому. Я ж прасіў судзьдзяў праявіць разважлівасьць і гуманізм ды адмовіцца ад вынясеньня сьмяротных выракаў, бо ў заканадаўстве маюцца альтэрнатыўныя меры пакараньня. А на гэта мне адказваюць, што судзьдзі, маўляў, незалежныя і падпарадкоўваюцца адно закону. Што да чаго?.. Я ж не прасіў іх парушаць закон. Наадварот!” – абураецца Павал Левінаў.

“Ведаеце, у тых артыкулах Крымінальнага кодэксу, дзе прадугледжаная такая мера, як сьмяротная кара, прапісаныя таксама альтэрнатыўныя меры. І якую меру выбраць, залежыць найперш ад волі судзьдзі. То бок менавіта судзьдзя, па сваёй волі і кіруючыся законам, мае магчымасьць пазьбегнуць вынясеньня сьмяротнага прысуду. І ў сваім лісьце я адзначаў, што ня судзьдзі давалі жыцьцё чалавеку, і таму яны ня маюць права пазбаўляць яго гэтага жыцьця”, – тлумачыць праваабаронца.

“Судзьдзі не зьбіраюцца праяўляць гуманізм”

Дарэчы, у адказе з абласнога суду гаворыцца, што інфармацыя, пададзеная ў звароце Левінава, “узятая пад увагу”.  

“Так, узялі пад увагу. І што далей?.. Гэты адказ выразна даў зразумець, што судзьдзі Віцебскага абласнога суду не зьбіраюцца праяўляць гуманізм пры вынясеньні прысудаў і маюць намер і надалей, як будзе нагода, выносіць сьмяротныя прысуды. Што, мяркую, недапушчальна”, – падсумаваў Павал Левінаў.

6 кастрычніка ўступіў у сілу чарговы сьмяротны вырак, які 22 верасьня 2017 году вынесьлі судзьдзі Віцебскага абласнога суду.

“Страшна ўсьведамляць, што ты жывеш сярод людзей, якія выносяць сьмяротныя прысуды і прыводзяць іх у выкананьне!” – пісаў Левінаў у звароце да віцебскіх судзьдзяў.

Нагадаем, 5 кастрычніка ў віцебскім “Бітлз-клюбе” ў межах “Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня” прайшоў фэст “Рок за жыцьцё”.

Зьміцер Міраш