Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 09 Кастрычнік 2017

Грамадзянская супольнасьць Аршаншчыны – супраць сьмяротнага пакараньня

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У межах кампаніі «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня» ў вёсцы Стаўры, што пад Воршай, прайшла тэматычная дыскусія «Масавыя рэпрэсіі і сьмяротнае пакараньне». Партыйныя і грамадзкія актывісты Аршанскага рэгіёну, журналісты і праваабаронцы зь Менску і Віцебску, сваякі рэпрэсаваных і проста неабыякавыя грамадзяне абмеркавалі праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Кабыляцкая гара пад Воршай – месца зьнішчэньня рэпрэсаваных

Асноўнай імпрэзе, якая адбылася ў пятніцу, 6 кастрычніка, папярэднічала экскурсія на Кабыляцкую гару, якую правёў Юрась Копцік, адзін з тых, хто раскрыў праўду пра ахвяраў масавых рэпрэсіяў, забітых і пахаваных у ваколіцах Воршы. Паводле словаў Юрася, тэрор у Воршы пачаўся з 1918 году і цягнуўся зь перапынкамі аж да самай вайны. Ворша была адным з цэнтраў зьнішчэньня «ворагаў народу». Толькі паводле адкрытых архіўных матэрыялаў лічба ахвяраў сталінскага рэжыму, забітых у Воршы, перавышае тысячу чалавек.

Першы знак у памяць ахвяраў сталінізму – крыж – зьявіўся на Кабыляцкай гары ў 1989 годзе. Потым зь ініцыятывы Юрася Копціка пры дапамозе мясцовага кіраўніцтва зь вёскі Барадуліна быў прывезены і ўсталяваны вялікі гранітны валун, да якога прымацавалі мэталёвую шыльду з надпісам ва ўшанаваньне памяці забітых. Празь нейкі час шыльда зьнікла, і цяпер пра яе нагадваюць толькі адтуліны ў камені, якія падобныя да сьлядоў ад куляў і таму самі па сабе ўспрымаюцца сымбалічна.

Аршанка Ларыса Арэшына, дзед якой Іван Кузьміч Гіль быў забіты, распавяла гісторыю свайго роду. Акрамя дзеда пад махавік сталінскіх рэпрэсіяў трапілі і ягоныя браты. У адным з пасьведчаньняў, атрыманых з КДБ, падаецца інфармацыя, што Іван Гіль быў расстраляны ў Воршы, таму Кабыляцкая гара стала для жанчыны сымбалем пакут і вечнага спачыну яе дзеда. «Вось кажаш "дзед", а яму было ўсяго 42 гады. Я – ужо старэйшая за яго!» – кажа жанчына, выціраючы з вачэй сьлёзы.

Пачатак дыскусіі «Масавыя рэпрэсіі і сьмяротнае пакараньне»

Галоўная ж імпрэза праходзіла на сядзібе мясцовага актывіста Ігара Грышанава, які на правох гаспадара першым выказаўся адносна ўзьнятага пытаньня.

Усьлед за ім выступілі кіраўнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» ў Беларусі Андрэй Палуда і мясцовая журналістка, пісьменьніца Паліна Сьцепаненка. Ролю мадэратара выконваў аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак.

Ян Дзяржаўцаў назваў падзеі 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя тэрорам і генацыдам. Сваё меркаваньне ён падмацаваў канкрэтнымі прыкладамі, распавёўшы пра археалягічныя дасьледаваньні месца масавых пахаваньняў ва ўрочышчы Хайсы, успаміны мясцовых жыхароў, аналіз архіўных матэрыялаў.

Андрэй Палуда ацаніў праблему сьмяротнага пакараньня з гледзішча праваабаронцы. Ён нагадаў, што тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня праходзіць у Беларусі ўжо чацьвёрты год запар. Сьмяротнае пакараньне ў 21-м стагодзьдзі ён назваў барбарствам, якое мусіць застацца ў мінулым. Сьмяротнае пакараньне – факт тутэйшай судовай сыстэмы, але закон і правы чалавека – гэта не адно і тое ж. Паказальна, што на Нюрнбэрскім працэсе ваенныя злачынцы спасылаліся на тое, што яны выконвалі закон, і не разумелі, за што іх судзяць.

На сёньняшні дзень у Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць трынаццаць расстрэльных артыкулаў, зь якіх ужываюцца два – за забойства і за тэрарызм. Важнай акалічнасьцю для Андрэя Палуды ёсьць існаваньне ў Беларусі інстытуцыі, якая прыводзяць у выкананьне сьмяротны прысуд.

«Гэта ня толькі тыя, хто непасрэдна задзейнічаны ў выкананьні сьмяротнага прысуду. Але гэта і судзьдзя, які выносіць прысуд; гэта і пракурор, які адсочвае законнасьць выкананьня прысуду; гэта і доктар, які канстатуе сьмерць... І гэтыя людзі жывуць сярод нас. Таму наяўнасьць сьмяротнага пакараньня вельмі моцна ўплывае на нашае грамадзтва», – адзначыў праваабаронца.

Паліна Сьцепаненка ў сваім выступе казала пра тое, што нельга аддзяляць палітычна матываваныя расстрэлы сталінскіх часоў ад праблемы сьмяротнага пакараньня наогул. Яна заўважыла, што для сёньняшняга чалавека такія словы, як «тэрор», «генацыд», могуць скажаць рэальныя падзеі, бо падаецца, што рэпрэсіі адбываліся ў парушэньне закону. Але ж гэта ня так: найвышэйшая мера пакараньня ўжывалася ў строгай адпаведнасьці з тагачасным законам. Іншая рэч: калі ў краіне няма сьмяротнага пакараньня, тады яго не выкарыстоўваюць ані супраць палітычных апанэнтаў, ані супраць крымінальных злачынцаў. Распавяла спадарыня Паліна і пра цесную супрацу зь летувіскімі калегамі з Цэнтру дасьледаваньня генацыду жыхароў Летувы.

Абвастрэньне дыскусіі

Журналіст з Талачына, сябра партыі «Справядлівы сьвет» Мікалай Петрушэнка выступіў на дыскусіі ў якасьці асноўнага апанэнту. Ён раскрытыкаваў «дваістыя стандарты» «хвалёнай дэмакратычнай Амэрыкі» і выказаў нязгоду зь Янам Дзяржаўцавым, які назваў рэпрэсіі 1930-х гадоў генацыдам і тэрорам.

Не пагадзіўся ён і з тым, што ў лесе ля Хайсоў пахаваныя менавіта рэпрэсаваныя. Сваю пазыцыю ён абгрунтаваў тым, што, згодна з апублікаванымі сьпісамі, сярод рэпрэсаваных у Воршы жанчыны нібыта складалі «мізэрны» адсотак, а ў Хайсах жа, наадварот, знойдзена шмат жаночага абутку і асабістых жаночых рэчаў.

Спаслаўшыся на пэрыёдыку 1937 году, спадар Петрушэнка заявіў, што пабачыў там іншую праўду, адрозную ад той, пра якую кажуць выступоўцы.

Першым на выклік Петрушэнкі адгукнуўся аршанскі рэжысэр Віктар Трацьцякоў. Ён распавёў пра непараўнальную розьніцу паміж правапрымяненьнем, што да сьмяротнага пакараньня, у Беларусі і ў асобных амэрыканскіх штатах.

Пасьля паэт Аляксандар Макарэвіч узьнёслым рэчытатывам прамовіў сваю аргумэнтацыю супраць выступу талачынскага журналіста ды абвінаваціў апошняга ў імкненьні апраўдаць злачынны сталінскі рэжым.

Мянчук Ігар Станкевіч распавёў гісторыю ўласнага пошуку і прадэманстраваў дакумэнты, атрыманыя зь Віцебскага архіву КДБ і Сьвярдлоўскага архіву датычна сваіх 17-ці расстраляных сваякоў. Ён мае сваю мару: на магіле прапрабабкі, пахаванай на аршанскіх каталіцкіх могілках, усталяваць помнік, на якім напісаць імёны родных, забітых за часамі Сталіна. Акрамя таго ён прапанаваў правесьці краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на аднаўленьне шыльды для помніку на Кабыляцкай гары.

Гісторыя сьмяротнага пакараньня на Беларусі

Заключнай часткай імпрэзы стала дэманстрацыя фільму рэжысэра Віктара Трацьцякова і сцэнарысткі Паліны Сьцепаненкі «Гісторыя сьмяротнага пакараньня». Стваральнікі фільму здолелі прасачыць эвалюцыю правапрымяненьня датычна сьмяротнай кары на беларускіх землях ад старажытнасьці да сёньняшняга часу. Прагляду фільму папярэднічаў выступ Алеся Макарэвіча, які прачытаў свой новы верш, натхнёны нядаўняй паездкай паэта ў Летувіскую Рэспубліку, дзе былі знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага.

С. Горкі