Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 22 Ліпень 2013

Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва спадзяюцца даведацца пра месца яго пахаваньня праз суд

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Любоў Кавалёва і Тацьцяна Козяр – маці і сястра асуджанага да сьмяротнага пакараньня і расстралянага 15 сакавіка 2012 году Ўладзіслава Кавалёва, абіванавачанага ў тэракце ў мэтро ў Менску, зьвярнуліся ў суд Кастрычніцкага раёну сталіцы са скаргай на неправамерныя дзеяньні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэту дзяржбясьпекі. Родныя Кавалёва лічаць, што адмова паведаміць зьвесткі пра месца пахаваньня Ўладзіслава парушае міжнародныя стандарты, а таксама зьвяртаюць увагу на парушэньне Закону “Аб зваротах грамадзян”.

Паводле слоў юрыста-праваабаронцы Рамана Кісьляка, родныя У. Кавалёва абскардзілі адмову Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў у дачы зьвестак пра месца ягонага пахаваньня ў Міністэства ўнутраных спраў. Адтуль скарга была “спушчаная” ў дэпартамэнт, то бок у той ворган, на які яны скардзіліся – гэта першае парушэньне.

Другое парушэньне ў тым, што ў адмове раскрыць родным месца пахаваньня дзяржворганы спасылаюцца на арт. 175 ч. 5 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які не адпавядае патрабаваньням арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правох, які забараняе катаваньні і жорсткае абыходжаньне. Практыка не разгалошваць блізкім інфармацыі, дзе пахаваны расстраляны паводле прысуду, падпадае пад дзеяньне гэтага артыкулу. На думку Рамана Кісьляка, калі існуе супярэчнасьць паміж Крымінальна-выканаўчым кодэксам і Міжнародным пактам, перавага павінны быць аддадзеная Міжнароднаму пакту.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"