Мэханізм рэалізацыі дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў 2014 годзе плянуецца ўкараніць у шасьці раёнах Віцебскай вобласьці. Пра гэта паведаміла журналістам старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Галіна Жаланава. Яна падкрэсьліла, што Віцебшчына актыўна ўключылася ў рэалізацыю новай рэдакцыі закону аб сацыяльным абслугоўваньні, бо ў жыхароў вобласьці існуе вялікая патрэба ў аказаньні розных відаў дапамогі. Гэта абумоўлена тым, што ў агульнай структуры насельніцтва рэгіёну доля пажылых людзей найвялікшая ў рэспубліцы.

У Віцебску адным з дамоў, якія будуюцца з парушэньнем нарматыўных тэрмінаў, зьяўляецца 180-кватэрны жылы дом у мікрараёне Білева-1 па праспэкце Маскоўскім, 103. Умяшаньне Камітэту дзяржкантролю дало магчымасьць зьнізіць кошт даўгабуду амаль на 6%, паведаміў начальнік упраўленьня кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сфэры КДК Віцебскай вобласьці Віктар Коцікаў.

У трох вёсках Віцебскага раёну - Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка - у насельніцтва канфіскавалі і зьнішчылі сьвіней, якія ўтрымліваліся ў асабістых прысядзібных гаспадарках. Матывуецца гэта нейкай эпідэміяй, але якой менавіта гаспадарам жывёл не паведамляецца. У Шапечына, бачачы журналіста з камэрай, людзі хаваюць вочы і адмаўляюцца гаварыць. Атрымоўваецца пагутарыць толькі з адным хлопцам - ён пацьвердзіў, што 19 чэрвеня ў іх вёсцы канфіскавалі ўсіх сьвіней, пагрузілі іх у прычэпы трактароў і павезьлі ў невядомым кірунку. Насельніцтву параілі асабліва не распаўсюджвацца аб здарэньні, калі ня хочуць непрыемнасьцяў на працы.

Супрацоўнікі гарадоцкага прадпрыемства на Віцебшчыне ў рамках добраўпарадкаваньня тэрыторыяў разам зь безгаспадарнымі пабудовамі разабралі жылую хату. Жахлівы інцыдэнт адбыўся пакуль гаспадыня, інвалід 1 групы, была ў лякарні. Рабочыя самавольна дэмантавалі дах, вокны і дзьверы. Пацярпелай жанчыне шкоду не кампэнсавалі.