Друкаваць гэтую старонку
Субота, 08 Верасень 2018

У Сеньненскім раёне на таргі выставілі дамы разам зь іх жыхарамі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
вуліца Бамаўская у Пурплеве з будынкамi на nродаж вуліца Бамаўская у Пурплеве з будынкамi на nродаж

У Віцебскай вобласьці ліквідаванае чарговае сельгаспрадпрыемства. Гэтым разам пад нож патрапіла ААТ «Пурплева» (Сеньненскі раён). Маёмасьць банкрута (будынкі, збудаваньні, тэхніка і іншыя актывы) выстаўленая на таргі. Былым супрацоўнікам прапануецца праз таргі выкупіць сваё жытло. Але калі знойдзецца іншы пакупнік, які запрапануе вышэйшы кошт, то ўладальнікам іх дамоў стане ён.

Працэдура банкруцтва ААТ «Пурплева» распачалася паўтара гады таму – у лютым 2017 году Эканамічны суд Віцебскай вобласьці адкрыў справу пра неплацежаздольнасьць сельгаспрадпрыемства. Як вынікае са зьвестак, разьмешчаных у інтэрнэце на старонцы суду, на той момант на прадпрыемстве працавала 67 чалавек.

Карэспандэнт ВВ выехаў на месца, каб на свае вочы пабачыць нерухомасьць, выстаўленую на продаж, і пагутарыць зь людзьмі, якія засталіся бяз працы, а неўзабаве, мабыць, застануцца і без жытла.

Яшчэ задоўга да пад'езду да вёскі Пурплева пачынаеш разумець, што месца даволі дэпрэсіўнае: асфальт канчаецца за некалькі дзясяткаў кілямэтраў і пераходзіць у грунтавую дарогу, машын зусім няма. Школы, фельчарска-акушэрскія пункты, дамы культуры, пошты ва ўсіх навакольных вёсках зачыненыя і не функцыянуюць. Усё паціху падупадае. Людзей у вёсках амаль няма. На ўезьдзе ў населены пункт цябе сустракае разбураны будынак – ці то царква, ці то дом культуры.

На таргі, што мусяць прайсьці 10 верасьня ў Віцебску, выстаўленыя 22 жылыя будынкі сярэднім коштам каля 2 500 рублёў кожны. Акрамя іх, у ліку лотаў значацца розныя гаспадарчыя і адміністрацыйныя пабудовы: нафтабаза за 282 рублі і памяшканьне тэлефоннай станцыі за 139 рублёў у вёсцы Алексінічы, будынак пошты ў Лесьнікове за 62,58 рубля, а таксама тры цялятнікі (381,50; 112,04 і 2050 рублёў), канюшня (97,02 рубля), збожжасховішча (153 рублі), мэхдвор (580 рублёў) і іншыя будынкі.

Што тычыцца жылых будынкаў, то толькі некалькі зь іх пустуюць, у большасьці ж зь іх пражываюць людзі – былыя супрацоўнікі злашчаснага прадпрыемства. Мала таго, што ў выніку банкруцтва прадпрыемства людзі засталіся бяз працы і якіх-небудзь сродкаў да існаваньня, дык ім цяпер былы працадаўца прапануе выкупіць іх жа жытло. Многія гадамі даглядалі свае дамы, укладвалі ў іх сілы і грошы, рабілі бягучы рамонт.

Калі ж былыя супрацоўнікі прадпрыемства ня змогуць выкупіць сваё жытло, то, паводле словаў кіраўніка ААТ «Пурплева» Чумакова Леаніда Аляксеевіча, будынкі атрымаюць статус арэнднага жытла і будуць перададзеныя ў камунальную ўласнасьць раёну, а іх жыхары будуць вымушаныя заключаць дамову арэнды і плаціць арэндную плату.

Але гэта толькі палова бяды. Як паведамілі карэспандэнту ВВ у Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу, які выступае ў якасьці арганізатара таргоў, калі апроч жыхароў у таргах захоча ўдзельнічаць яшчэ хтосьці і прапануе большую цану, то ён і стане ўладальнікам нерухомасьці.

«А што будзе з жыхарамі набытага дому?» – пацікавіўся карэспандэнт.

«Праз суд будзем высяляць, калі спатрэбіцца», – спакойна адказала Тацяна Аляксандраўна, працаўніца цэнтру маркетынгу.

Як будуць разьвівацца падзеі далей – пакуль не зразумела. Ці змогуць захаваць свае дамы колішнія працаўнікі калгасу і на якіх умовах? Можна спадзявацца, што ахвотных «з боку» набыць будынкі ня знойдзецца, і цяперашнія жыхары змогуць пакінуць за сабой права на сваю маёмасьць. Хоць зрабіць гэта будзе ня ўсім пад сілу. Фінансавае становішча на сяле сягоньня жахлівае, і заплаціць 2000-3000 рублёў за дом, 600 рублёў за ўдзел у таргах ды яшчэ некалькі тысяч за афармленьне папераў на зямлю і дом будзе ня ўсім па кішэні. І, пагутарыўшы з жыхарамі вёсак, гэта стала відавочна.

Некаторыя жыхары нават не зусім у курсе, што адбываецца, і не зьбіраюцца падаваць заяўкі на ўдзел у таргах. А тыя, хто сабраліся ўсё ж удзельнічаць, наіўна мяркуюць, што іх будынкі ніхто ня мае права набыць, акрамя іх саміх, і разьлічваюць купіць іх за мінімальны кошт. Усё ж такі недаацэньваюць яны ўсёй складанасьці сытуацыі. І яшчэ вераць у справядлівасьць нашай дзяржавы.






вёска Алексенічы


ФАП, в. Алексенічы


Нафтабаза, в. Алексенічы


Закрытая школа, в. Алексенічы


Пошта ў Лесьнікове


вёска Пурплева


Будынак на ўезьдзе ў Пурплева






Уладзімер Бяляўскі