Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Люты 2017

Апазыцыянэры Віцебску адкрыюць грамадзкую прыёмную для дапамогі «дармаедам»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прадстаўнікі шэрагу апазыцыйных сілаў Віцебску выказаліся за адкрыцьцё грамадзкай прыёмнай для грамадзян, якія трапілі пад дзеяньне дэкрэту №3.

14 лютага ў Віцебску адбылася сустрэча рэгіянальных кіраўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, партыі «Справядлівы сьвет», прафсаюзу Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) і Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. На сустрэчы абмяркоўвалася магчымасьць адкрыцьця грамадзкай прыёмнай для грамадзян, якiя залiчаныя ў разрад дармаедаў.

У сувязі з тым, што дэкрэт №3 выклікаў значны грамадзкі розгалас, а праблема выплаты антыканстытуцыйнага падатку закранула велізарную колькасьць грамадзян, было прынятае рашэньне абмеркаваць магчымасьць рэагаваньня мясцовых апазыцыйных сілаў на грамадзкія працэсы, выкліканыя прыняцьцем дэкрэту. Падчас абмеркаваньня была выказаная думка, што сытуацыя патрабуе ўдзелу ўсяго спэктру палітычных партыяў і незалежных прафсаюзаў, без уліку палітычных поглядаў і міжпартыйных рознагалосьсяў.

Так, у прыватнасьці, Мікалай Селівашка, старшыня абласной арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет», падкрэсьліў, што цяпер якраз той выпадак, калі ўлада сваімі недарэчнымі дзеяньнямі спрыяе аб'яднаньню ўсіх апазыцыйных сілаў. І гэта тая праблема, удзел у вырашэньні якой спрыяе іх салідарызацыі. У сувязі зь відавочнай неабходнасьцю скасаваньня дэкрэту №3 узрастае значнасьць удзелу апазыцыі ў працэсе ціску на ўладу, што паспрыяе набыцьцю аўтарытэту ў вачох грамадзтва.

Кіраўнік Віцебскай рэгіянальнай структуры прафсаюзу РЭП Георгі Разумаў паведаміў, што ў горадзе ўжо сабрана некалькі сотняў подпісаў, і падзяліўся інфармацыяй, атрыманай за гэты час. Подпісы ў хуткім часе трапяць у адміністрацыю Лукашэнкі, Палату прадстаўнікоў і Савет Міністраў, што можа паспрыяць скасаваньню дэкрэту. Зыходзячы з досьведу сустрэч з грамадзянамі, як варыянт для законнай адтэрміноўкі выплаты ён прапанаваў аспрэчваць выплату падатку, зьвяртаючыся з заявай спачатку ў раённую інспэкцыю па падатках і зборах, пасьля ў абласную інспэкцыю і далей у МПЗ. Звароты дапамогуць законным шляхам максымальна адтэрмінаваць выплату.

Уладзімер Алексенка, прадстаўнік АГП, выказаў меркаваньне, што грамадзкая прыёмная мае патрэбу ў паслугах прафэсійнага юрыста, дапамога якога будзе больш прафэсійнай. Аднак ні ў якім разе нельга адмаўляцца таксама ад дапамогі партыйных і прафсаюзных актывістаў.

Па выніках абмеркаваньня было прынятае супольнае рашэньне аб'яднаць намаганьні ўсіх удзельнікаў сустрэчы дзеля аказаньня прававой і кансультацыйнай дапамогі грамадзянам, якія атрымалі так званыя «лісты шчасьця» і хочуць адстойваць свае правы ўсімі магчымымі законнымі спосабамі. З гэтай мэтай на базе офісу трох палітычных партыяў (АГП, БНФ і «Справядлівага сьвету») мяркуецца адкрыць грамадзкую прыёмную, а ў якасьці кансультанта прыцягнуць прафэсійнага юрыста.

С. Горкі