Друкаваць гэтую старонку
Субота, 07 Студзень 2017

Дачны пасёлак пад Воршай застаўся адрэзаным ад цывілізацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дачны пасёлак Усход пад Воршай мясцовыя жыхары перайменавалі ў «Далёкі Ўсход». А ўсё таму, што дабрацца да сваіх участкаў уладальнікам досыць складана. Адзіны праезд – праз поле, і той праз масавую забудову прыгараду рызыкуе зьнікнуць. Многія дачнікі – пэнсіянэры – жывуць у загарадных дамох круглы год. Аднак калі што здарыцца – ані хуткая, ані пажарная прыехаць да іх ня могуць.

Варыянтаў, як дабрацца да сваіх зямельных участкаў, у чальцоў дачнага таварыства пад Воршай няшмат. З двух бакоў дамы атачае чыгунка, з трэцяй – рака Аршыца. Адзіны шлях – праз поле, але і яго ня гэтак проста пераадолець.

Валянцін Жарскі, жыхар Воршы: «Натуральна, была б тут дарога, было б людзей тут больш, гэта без пытаньняў. Таму што сьвежае паветра, прырода, ёлку можна тут прыбраць, і выдатна правесьці любое сьвята – і Новы год, і 23 лютага, і 8 сакавіка».

Участкі тут пачалі раздаваць 25 гадоў таму. 83 сям'і атрымалі па 10 сотак. Спачатку дачнікі дабіраліся ў асноўным пешшу, пазьней зрабілі праезд для машын.

Доўгія гады на свае ўчасткі дачнікі дабіраліся па гэтай дарозе, шлях праклалі па найбліжэйшым полі. Але сягоньня гэты прыгарад Воршы актыўна забудоўваецца, і на шляху машын вырасьлі дамы, пэнсіянэры зрабілі нават адмысловы аб'езд, але і ён ужо з двух бакоў аточаны забудовамі.

Ліставаньне з чыноўнікамі мясцовыя актывісты вядуць ужо тры гады. Мэта адна – дамагчыся, каб палявую дарогу ўзаконілі, добраўпарадкавалі і нанесьлі на мапу гораду, каб экстранныя службы ведалі, як дабрацца да пасёлку.

Уладзімер Шанкарэнка, жыхар Воршы: «Ніхто ня ведае, куды і як ехаць. Адзіны ратунак – гэта побач цывілізацыя, побач аўташкола, вось арыентуем хуткую дапамогу. Хуткая дапамога сюды прыяжджае, мы прыходзім або хворага нясём. Добра сусед – хлопец здаровы, можам узяць, данесьці, і нас сустракаюць, вязуць, а так праблема».

Мясцовыя ўлады аб праблеме ведаюць, і абяцаюць пайсьці дачнікам насустрач, але не раней за вясну. Што тычыцца жылой забудовы ў раёне дачнага пасёлку, то, паводле чыноўнікаў, тут усё пралічана – дарозе будоўля не пагражае.

Аляксандар Пальвінскі, намесьнік старшыні Аршанскага райвыканкаму: «Па-першае, генэральным плянам забудовы гэтага масіву не прадугледжанае будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, адпаведна вылучэньне жылых участкаў для гэтых мэтаў, гэта адно. Другое – па гэтым участку мясцовасьці праходзіць высакавольтная паветраная электралінія, забудова пад якой, натуральна, забароненая».

Дачнікі разьлічваюць, што ў Новым годзе дарога да іх пасёлку зьявіцца на мапе гораду, і што самае галоўнае – ёй можна будзе карыстацца незалежна ад сэзону або надвор'я.

Алег Шапель, Алег Гаруноў, ont.by