Друкаваць гэтую старонку
Серада, 12 Люты 2014

Жыхары Воршы маюць праблемы з ацяпленьнем

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхары некалькіх кватэр дому №54 па вуліцы Міра ў Воршы літаральна замярзаюць. Пра гэта ў сваім лісьце ў рэдакцыю сайту Orsha.eu паведаміў адзін зь яго наведвальнікаў. Падаем тэкст гэтага ліста:

"На дварэ люты. Сярэдзіна зімы, а ў некаторых кватэрах ацяпленьня як і не было. З пачатку ацяпляльнага сэзону ў кватэры №51 у доме № 54 па вул. Міра ацяпленьне існуе толькі на паперах. З 26 сьнежня - у самыя маразы - перасталі цалкам абагравацца радыятары ацяпленьня ў кухні і спальні. Работнікі ЖЭУ -5 па заявах пісьмовых і вусных наведваюць кватэру штодня. 30 сьнежня склалі акт: у залі (дзе грэюць батарэі) +15, у спальні +11, у кухні +14. Тройчы ў кватэры працавала зварка: выразалі вэнтылі, праверылі праходнасьць ў крыжавінах, зьнялі і прамылі радыятары. А ацяпленьня ўсё адно няма.

У кватэры 51 пражывае пэнсіянэрка, інвалід II групы агульнага захворваньня (пасьля інсульту), проста пажылы чалавек.

А прычына вельмі простая. У кватэры №47, разьмешчанай паверхам ніжэй, зробленае самавольнае пераабсталяваньне сыстэмы ацяпленьня. Замянілі сталёвыя трубы вэртыкальнай разводкі ацяпленьня на трубы з поліпрапілену (у якіх ўнутраны дыямэтар меншы, чымся ў сталёвых), тым самым парушылі цыркуляцыю цепланосьбіту па ўсім стаяку.

На мае шматразовыя пісьмовыя звароты ў розныя інстанцыі ад работнікаў ЖЭУ-5 ідуць толькі адпіскі. Апошнюю атрымала сёньня. Аказваецца, у нас наладжаная сыстэма ацяпленьня.

Разгадка ў іншым: кватэру №47 у 2013 годзе набыў Пац Дзьмітры Віктаравіч. Сваяк намесьніка старшыні Аршанскага райвыканкаму.

Дык што ім усё можна, а на простых грамадзян, тым больш старых, пляваць. Хай мерзнуць?"

Ад рэдакцыі Orsha.eu: Мы ня можам пацьвердзіць, што праблема гэтага дому менавіта ў замене труб паверхам ніжэй - гэта толькі меркаваньне чытача. Але пасьля некалькіх тэлефанаваньняў, зробленых жыхарам названага дому, можам пацьвердзіць - праблема існуе рэальна і выправіць сытуацыю камунальным службам пакуль так і не ўдалося.

Крыніца: Орша.eu