Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 17 Люты 2014

Дольшчыкі абураюцца ўзрослымі цэнамі на будаванае жытло

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Здаецца, апошнім часам у Віцебску стала традыцыяй здаваць новабудоўлі з зацягнутымі тэрмінамі і незадаволенымі навасёламі. Вось і дольшчыкі дому № 16 па вуліцы Чкалава дачакаліся завяршэньня будаўніцтва свайго жытла, але былі непрыемна зьдзіўленыя цаной квадратнага мэтру, якая вырасла на 20%.

Гэты 40-кватэрны дом ў жніўні 2012 году пачало будаваць рамонтна-будаўнічае ўпраўленьне ААТ «Віцязь». Кошт квадратнага мэтру на той момант складаў 6 510 000 рублёў. Шматпавярховік павінны былі пабудаваць за год, аднак у жніўні 2013 году жыхарам, замест засяленьня ў новыя кватэры прыйшлося падпісаць дадатковае пагадненьне пра працяг будаўніцтва да канца году. Зрэшты, пра зьмену цаны тады размова не вялася.

Паводле слоў дольшчыкаў, са сьнежня 2012 году па красавік 2013 году работ на іх доме практычна не вялося. Здаецца, РСУ тэлезавода ніяк не магла даць рады з гэтым аб’ектам. Бо было вымушанае ўзяць субпадрадчыка ТАА «ПліссаСтрой», які і распачаў актыўную будоўлю.

Такім чынам, у жніўні, калі ўзводзіліся яшчэ толькі першыя паверхі будынку, будучыя навасельцы пагадзіся пачакаць, але ў лістападзе высьветлілася, што трэба будзе даплаціць, прычым кругленькую суму. Паводле новых дадатковых пагадненьняў, якія дольшчыкі вымушаныя былі падпісаць 8 лістапада, кошт квадратнага мэтру ўзрос да 7 847 000 рублёў.

Паводле слоў дольшчыкаў, ужо пасьля падпісаньня дакумэнтаў ім стала вядома, што згодна з разьлікамі, зробленымі УКП «Цэнтар па цэнаўтварэньні ў будаўніцтве Віцебскай вобласьці» кошт квадратнага мэтру на іх жытло па стане на сьнежань 2013 году мог вырасьці максымум да 6 839 000 рублёў. Такім чынам, паводле разьлікаў цэнтру цана павялічылася толькі на 5%, у той час як паводле разьлікаў падрадчыка - адразу на 20%.

Варта адзначыць, што за пэрыяд будаўніцтва гэтага дому глябальных катаклізмаў, падобных да падзеньня рубля ў 2011 годзе, у беларускай эканоміцы не назіралася. Рост курсу даляра са жніўня 2012 году па люты 2014 году склаў 16%, на канец 2013 году - 11%, а на жнівень 2013 году, калі павінна было скончыцца будаўніцтва, - толькі 8%.

Натуральна, дольшчыкі прыйшлі ў зьдзіўленьне ад такога росту кошту іх жытла і зьвярнуліся па тлумачэньні ў РСУ ААТ «Віцязь», аднак, паводле іх слоў, дагэтуль яны не атрымалі якога-небудзь разумнага абгрунтаваньня новай цаны.

Не ўвянчалася посьпехам і спроба дамагчыся праўды ад уладаў. Як кажуць будучыя ўладальнікі кватэр у злашчасным доме, ані кантралюючыя органы, ані ўладныя структуры не праявілі ніякай зацікаўленасьці да праблемы, бо іхнае жытло будуецца безь дзяржаўнай падтрымкі. Больш таго, часам «праца» чыноўнікаў выглядае амаль як зьдзек: абураныя дольшчыкі атрымалі ледзь ці не да літары супадаючыя адказы на свае звароты ад «Віцязя», камітэту па архітэктуры і будаўніцтве, гарвыканкаму і аблвыканкаму.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска