Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 02 Кастрычнік 2014

Інтэрнат «Віцебскіх дываноў» да зімоўкі не гатовы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Зімовыя халады не за гарамі. І добра, калі аконныя рамы ў кватэры ці прыватнай хаце не прапускаюць холад. Жыхары інтэрнату на вуліцы 4-й Прадзільнай у Віцебску гэтым пахваліцца ня могуць.

У двухпавярховым доме на ўскраіне гораду, пабудаваным ваеннапалоннымі немцамі ў канцы 40-х, раней разьмяшчаўся дзіцячы садок. У смутны перабудоўны час аддалі будынак «Віцебскім дыванам». Менавіта тут сталі пражываць сямейныя пары і адзінокія людзі, якія працуюць на прадпрыемстве.

На цяперашні момант у інтэрнаце пражывае 25 чалавек. На кожным паверсе па 6 жылых пакояў. Плата за апошні месяц склала каля 400 тысяч.

Ужо адразу становіцца ясна, што будынак мае патрэбу ў капітальным рамонце. Гэта пацьвярджаюць і абшарпаны фасад і старыя аконныя рамы.

- Так, нашаму інтэрнату №2 патрэбен рамонт, - пацьвярджае Сьвятлана Матвеева, - у 2004 годзе ўнутры будынку пабялілі сьцены, падмалявалі - і на гэтым усё! Памянялі вось яшчэ стаякі на кухні… А прыводзіць у парадак столь каму?

На адсутнасьць выгодаў жыхары ня скардзяцца. На першым паверсе ёсьць душавыя, дзе ёсьць і халодная, і гарачая вада. У кожнай сям’і - свая прыбіральня. На паверсе кухня з электраплітамі. У месцах агульнага карыстаньня дастаткова чыста.

- Мы звыкліся прыбіраць за сабой, - кажуць жыхары, - але нас не задавальняе, што да тэрыторыі інтэрнату не прымацаваны дворнік. Летам - добра, кветнік і гародзік даглядаем самі. А зімой дрэнна. Няма добрых пад’язных шляхоў, дарожак. Выпадае сьнег - мусім чысьціць самастойна, а часу не заўсёды хапае.

Сьвятлана Матвеева скардзіцца, што зімой некалькі разоў даводзілася «адкопвацца»: сьнег не даваў адчыніць уваходныя дзьверы.

Яшчэ адна надзённая праблема: вокны. Іх штовосень даводзіцца ўцяпляць капітальна, звычайны шырокі скотч адлятае, ледзь падзьме моцны вецер. Акно ў агульным калідоры разьмяшчаецца на вышыні 5-6 мэтраў ад падлогі. Яго заляпіць праблематычна, дый павуціньне зьмесьці з кутоў таксама.

А што, калі паставіць хаця б ў жылых пакоях энэргазахавальныя вокны?

- Мы ня хочам ставіць вокны ПВХ, бо пакой у інтэрнаце не зьяўляецца асабістай уласнасьцю, - тлумачыць Сьвятлана, - калі раптам наш будынак абвесьцяць непрыдатным для жыльля, грошы за ўстаноўку вокнаў ня вернуць. Выселяць, калі я звольнюся, знайду працу лепей. Хацелася б нам з мужам мець прыбытак пабольш, каб набыць у крэдыт уласную кватэру. Але пакуль гэта толькі мары.

З вуліцы 4-й Прадзільнай пяройдзем на 1-ю Пралетарскую. На жаль, на вуліцы, дзе разьмяшчаецца адміністрацыя Першамайскага раёну, хапае будынкаў, якія маюць патрэбу ў капітальным рамонце.

Вось у доме №13 калісьці быў сірацінец. Сёньня з вокнаў, забітых сяк-так фанерай, не даносяцца вясёлыя дзіцячыя галасы. А людзі прымхлівыя і зусім імкнуцца абыйсьці трынаццаты будынак.

У доме №10 разьмяшчаецца разьліковы цэнтар. З боку вуліцы Пралетарскай будынак выглядае прыстойна. А вось выгляд ззаду…

Зрэшты, ёсьць і пазытыўныя зьмены, якія хочацца адзначыць. Работнікі ЖРЭТу расьпісалі тыльны бок гаражоў вясёлымі малюнкамі, гледзячы на якія, хочацца верыць, што калі-небудзь і іншыя будынкі раёну ДСК зьменяцца!

Крыніца: Віцебскі кур'ер