Друкаваць гэтую старонку
Субота, 18 Кастрычнік 2014

Апытаньні сьведчаць пра нізкі ўзровень прававых ведаў жыхароў Чашніцкага раёну

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На афіцыйным сайце Чашніцкага райвыканкаму разьмешчаны шэраг апытаньняў пра тое, ці стае насельніцтву прававых ведаў, і ці ўмеюць яны іх выкарыстоўваць. Адказы пераважна адмоўныя. Як паказвае статыстыка на сайце, у апытаньнях узяла ўдзел невялікая колькасьць людзей. Але падсумаваныя вынікі сьведчаць пра недастатковасьць прававых ведаў.

Так, на пытаньне “Ці выніковая самаадукацыя ў галіне права?” адказалі 11 чалавек, зь іх сямёра лічаць, што так. 7 чалавек з 12-ці станоўча адказалі на пытаньне “Ці задавальняе вас аб’ём даступнай юрыдычнай інфармацыі?” Большасьць апытаных – 10 чалавек – лічаць, што на сайце выканкаму дастаткова зьвестак пра месцазнаходжаньне судовых, выканаўчых, заканадаўчых органаў улады і сродкаў для кансультацыяў і зваротаў. Толькі 1 чалавек не падтрымлівае гэтае меркаваньне.

Тым ня менш, з 14-ці ўдзельнікаў апытаньня “Ці дастаткова ў вас ведаў у сытуацыях, якія патрабуюць вырашэньня пытаньня абароны вашых інтарэсаў і правоў, 9 чалавек далі адмоўныя адказы. І толькі пяцёра вырашылі, што здольныя бараніць свае правы на грунце ўласных прававых ведаў. 8 чалавек з 12-ці апытаных лічаць, што стан прававога выхаваньня непаўнагадовых “эфэктыўны” і “адпавядае патрабаваньням бягучага моманту”. Чацьвера з гэтым ня згодны.

Самым масавым было абмеркаваньне пытаньня, ці эфэктыўная прававая прапаганда ў СМІ. Выказаліся 86 чалавек, зь іх большасьць – 50 чалавек – ня згодны з тым, што СМІ ажыцьцяўляюць гэтую работу належным чынам.

Ці зробленыя на падставе такіх адказаў нейкія высновы, застаецца незразумелым. Паведамленьняў пра гэта на сайце няма, дый у раённай газэце “Чырвоны прамень” не пабольшала публікацыяў на прававую тэматыку. Там існуе хіба толькі рубрыка “Чалавек і закон”, але ў ёй разьмяшчаюцца выключна матэрыялы пра злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэньні, учыненыя ў рэгіёне.

На афіцыйным сайце Чашніцкага райвыканкаму інфармацыі даведачнага кшталту, здавалася б, і шмат. Аднак непасрэдна пра правы грамадзян тут няма нічога. Больш таго: афіцыйная інфармацыя тут даўно ўжо састарэлая. Прыкладам, існуе рубрыка “Паўторныя выбары адбудуцца 29 чэрвеня 2014 году”, апошнія рашэньні мясцовага выканкаму, разьмешчаныя на сайце, датуюцца яшчэ 2012 годам. Гэта – таксама паказьнік стаўленьня да грамадзян з боку ўладаў, якія недастаткова дбаюць пра тое, каб жыхары Чашніччыны маглі б рэалізаваць свае правы ў поўнай меры.

spring96.org