Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 20 Кастрычнік 2014

Начальнік аддзелу МНС «супакоіў» праваабаронцу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў гарвыканкам з заявай, у якой прасіў паведаміць яму адрас найбліжэйшага бомбасховішча. «Гэтая інфармацыя патрэбная мне для забесьпячэньня абароны жыцьця і здароўя членаў маёй сям’і, а таксама жыхароў дому, у выпадку і пад час надзвычайнай сытуацыі», – напісаў ён у сваёй заяве. Адказ, які прыйшоў за подпісам в.а. начальніка гарадзкога аддзелу па надзвычайных сытуацыях установы «Віцебскае абласное ўпраўленьне МНС» М.П. Дука, вельмі зьдзівіў праваабаронцу…

Як вынікае зь ліста спадара Дука, яго ведамства навучылася прагназаваць надзвычайныя сытуацыі. Маўляў, цягам доўгага часу ў Беларусі не было такіх сытуацыяў, няма іх і зараз. А калі яны ўсё ж раптам калі-небудзь узьнікнуць, мы вам пра гэта загадзя паведамім, – да гэтага зводзіцца адказ высокапастаўленага супрацоўніка МНС.

«Шэдэўр» в.а. начальніка аб’ёмам у два абзацы заслугоўвае таго, каб працытаваць яго:

«На вашую заяву ад 02.09.2014 г. паведамляем, што на тэрыторыі г. Віцебску за апошнія дзесяцігодзьдзі надзвычайных сытуацыяў, у выніку якіх, як Вы пішаце, неабходна хавацца ў бомбасховішчах, не зафіксавана. Таксама на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь няма такіх надзвычайных сытуацыяў, з-за якіх неабходна хавацца ў бомбасховішчах.
У выпадку асаблівага пэрыяду, інфармацыя пра ахоўныя ўкрыцьці, дзе будзе забясьпечаная абарона жыцьця і здароўя членаў Вашай сям’і і жыхароў дому №[…], будзе ўсім жыхарам даведзеная загадзя ў вызначаным заканадаўстве парадку».

Цяпер праваабаронца ў роздумах: а калі раптам нейкая надзвычайная сытуацыя ўсё-такі ўзьнікне, і калі яна насамрэч станецца надзвычайнай – такой, якую загадзя не спрагназуюць і пра якую загадзя не паведамяць «празорліўцы» з МНС – куды яму бегчы хавацца?